Віцебскі райвыканкам адмовіўся ад магілы закатаванай нацыстамі партызанскай сям’і
На зварот жыхара вёскі Котава Анатоля Каваленкі з просьбай добраўпарадкаваць закінутую магілу замардаванай партызанскай сям'і чыноўнікі Віцебскага райвыканкаму адказалі, што гэтым павінны займацца сваякі пахаваных за свой кошт.
«Капай глыбей!» На Глыбоччыне прайшлі «БАЖынкі-2015»
7-8 жніўня Глыбоцкая суполка ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» прымала гасьцей. Сёлетні карпаратыўны фэст сабраў больш за 40 удзельнікаў і пакінуў сьлед ня толькі ў іх памяці ды на флэшках фотаапаратаў, але і ў Вікіпэдыі.
Гаспадары на чале з Тацьцянай Смоткінай старанна рыхтаваліся паказаць свой улюбёны горад найлепшым чынам, і знаёмства зь ім атрымалася сапраўды ўсебаковым: і зьверху, і зьнізу, і знутры. Мясцовыя краязнаўцы Ўладзімер Скрабатун і Юры Каўбасіч правялі групу БАЖаўцаў па цэнтры гораду, распавёўшы пра яго гісторыю і пра сваіх выбітных землякоў. А ў царкве Раства Прасьвятой Багародзіцы (першапачаткова – касьцёл ордэну кармэлітаў) гасьцям дазволілі нават спусьціцца ў старажытныя сутарэньні і падняцца на званьніцу.
Знаёмства з Глыбоччынай працягнулася і падчас працы ў камандах – кожная зь іх атрымала заданьне напісаць для Вікіпэдыі артыкул на пэўную тэму: пра «Вішнёвы фэст» і селекцыянэра Баляслава Лапыра, пра магілу і помнік Мюнхгаўзэну, пра Напалеона ў Глыбокім, пра мясцовы дэндрапарк і пра газэту «Вольнае Глыбокае».
Напачатку адбыўся майстар-кляс ад арганізацыі «Фаланстэр»: трэнэры патлумачылі тэхнічны бок справы і расказалі, па якіх крытэрах будуць ацэньваць працы «вучняў». Журналісты адказна падышлі да справы і сапраўды «капалі глыбей», пакінуўшы ў Вікіпэдыі шэсьць паўнавартасных артыкулаў – найлепшую падзяку глыбачанам за гасьціннасьць.
Увечары госьці пераехалі на аграсядзібу ў вёсцы Валодзькава, дзе іх чакала прахалоднае возера, а потым – вячэра, вогнішча, рамантычны Зьміцер Вайцюшкевіч, танцавальны майстар-кляс пад дуду і скрыпку і безьліч зораў на чыстым жнівеньскім небе.
На наступны дзень журналісты пасьнедалі, крыху падужаліся ў рыбалцы, дартсе і валейболе і перайшлі да падрыхтоўкі прэзэнтацыяў каманд. Нягледзячы на анамальную сьпёку, многія прэзэнтацыі атрымаліся надзвычай крэатыўнымі і энэргічнымі.
https://vitebskspring.org/news/roznae?start=465#sigProIdf92c8f4538
Тацьцяну Севярынец не пусьцілі на сустрэчу з дэпутатам
4 жніўня на прадпрыемстве «Віцебскдрэў» была абвешчаная сустрэча з дэпутатам. Афіцыйна ўваход на яе быў вольны. Наведаць сустрэчу паспрабавала каардынатар аргкамітэту БХД ў Віцебску Тацьцяна Севярынец, якую цікавілі пытаньні пра стан мэдыцыны ў горадзе, даўгабуды, марудныя рамонты, доўгія чэргі ў рэгістратурах, тым больш, што маючы быць на сустрэчы дэпутат – галоўны лекар больніцы №2 (дзе рамонт аднаго з карпусоў доўжыцца ўжо гады чатыры).
Але ў будынак яе не пусьцілі людзі ў камуфляжы: Куды? – На сустрэчу з дэпутатам. – А вы ў нас не працуеце! (Няўжо ўсіх ведае ў твар?) – Я жыву ў гэтым раёне, хачу паслухаць дэпутата. – Чакайце! (некуды пабег) Вам не паложана! (вярнуўшыся) – Чаму? – Гэтая сустрэча толькі для працоўных прадпрыемства. – А я чым буду замінаць? – Не паложана!
У выніку каардынатара БХД выціснулі з прыступак.
«Да народу я, выходзіць, не належу. Ні мой прыстойны настаўніцкі выгляд, ні ўзрост ня сталі пропускам на гэтую таямнічую сустрэчу. Дарэчы, народу я там і блізка ня бачыла. Пэўна, людзей са зьмены адразу ланцужком заганялі ў залю з двара прадпрыемства: працоўны дзень заканчваецца а 17:00, сустрэча прызначаная на 16:30. Ну чаму б, каб заахвоціць людзей палюбавацца на дэпутата, не скараціць на паўгадзіны працоўны час?» – адзначае Тацьцяна Севярынец.
«Уся справа, відаць, у тым, што набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары. Пустыя пікеты галоўнага прэтэндэнта, са сьлязьмі вымольваемыя настаўнікамі ў родных і блізкіх подпісы ў падтрымку галоўнага (кожнаму даведзены плян — 200 подпісаў з калена выламі, інакш… ну, самі ведаеце, што), абяцаньні студэнтам забясьпечыць інтэрнатам, каб толькі яны папрацавалі ў ініцыятыўнай групе. Калі мне паведамлялі пра гэтую сустрэчу, прыкладна так і казалі: будуць агітаваць прыйсьці на выбары і прагаласаваць за дзейнага. Няхай сабе нелегітымнага, але ж усе слухаюцца яго… А прамовы спадарыні Ярмошынай перад міжнароднымі назіральнікамі, старшынямі камісіяў наконт забароны выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс падчас кампаніі для першых гучаць як дэманстрацыя выкананьня літары Закону, для другіх – як кіраўніцтва да дзеі з дакладнасьцю наадварот», – мяркуе Тацьцяна Севярынец.
Крыніца: Прэсавая служба БХД
У Віцебскай вобласьці значна вырасла падлеткавая злачыннасьць
Трывожная тэндэнцыя намецілася па выніках першага паўгодзьдзя: упершыню за некалькі апошніх гадоў у вобласьці зафіксаваны значны рост падлеткавай злачыннасьці.
Для пошуку шляхоў вырашэньня праблемы ва УУС аблвыканкаму прайшла міжведамасная селектарная нарада, ініцыяваная пракуратурай вобласьці. Удзел у дыскусіі ўзялі кіраўнікі ўсіх РАУС Віцебшчыны, прадстаўнікі ўлады, старшыні камісіяў па справах непаўнагадовых.
Першы намесьнік пракурора вобласьці Аляксандар Сідаровіч адзначыў, што, нягледзячы на агульнае скарачэньне злачыннасьці, крымінагенная сытуацыя ў моладзевым асяродзьдзі цяпер ня радуе. У першым паўгодзьдзі зарэгістравана амаль на 8% больш злачынстваў (126), учыненых падлеткамі, у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Асабліва турбуе рост колькасьці злачынстваў, учыненых у нецьвярозым стане (з 12 да 18), цяжкіх (з 7 да 10), групавых злачынстваў (з 36 да 44). Больш адбылося і адміністрацыйных правапарушэньняў, нярэдка зьвязаных з расьпіцьцём сьпіртнога. Маладзёны найчасьцей зьдзяйсьняюць крадзяжы, хуліганскія дзеяньні, удзельнічаюць у наркагандлю.
Падчас нарады работнікі пракуратуры агучылі вынікі наглядных мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў дачыненьні да шэрагу інспэкцыяў па справах непаўнагадовых. У некаторых выявілі фармалізм у працы з падлеткамі, недастатковую дзейнасьць па разьяднаньні моладзевых груповак, накіраваньні злосных парушальнікаў закону ў спэцыяльныя навучальныя ўстановы закрытага тыпу.
Па выніках сустрэчы распрацаваны комплекс прафіляктычных і папераджальных мерапрыемстваў, якія, як спадзяюцца праваахоўнікі, да канца году нармалізуюць крымінагенную абстаноўку сярод моладзі.
Крыніца: Витебские вести
Па Мёрскім раёне разьяжджае аўтамабіль з нумарамі «ДНР»
Машына з нумарамі «Данецкай Народнай Рэспублікі» была заўважаная 17 ліпеня ў горадзе Дзісна Мёрскага раёну. Машыну бачылі на вул. Леніна. Цікава, як пускаюць у Беларусь аўто з нумарамі неіснуючай дзяржавы?