У Беларусі 7 лістапада па-ранейшаму зьяўляецца сьвяточным выходным днём. Ідэолягі і вэтэраны кампартыі не забываюць яго адзначаць. Звычайныя грамадзяне яго практычна не заўважаюць, забываючыся пра яго існаваньне.

Адчынены адмысловы банкаўскі рахунак «на аднаўленне Манумэнту славы» ў вёсцы Клясьціцы Расонскага раёну. Праўда, мясцовыя ўлады не спадзяюцца сабраць неабходную суму за кошт дабрачынных ахвяраваньняў на банкаўскі рахунак. Яны разьлічваюць на грашовую дапамогу Расеі і Саюзнай дзяржавы.

Сустаршыня БХД Павал Севярынец камэнтуе апошняе рашэньне Эўразьвязу пра карэктоўку “чорных сьпісаў”: “Рашэньне Эўразьвязу адкрыта слабое. Гэта сьведчыць пра тое, што Эўразьвяз дагэтуль ня мае стратэгіі ў адносінах да Беларусі і ня ведае, што рабіць зь беларускім рэжымам. Безумоўна, гэтае рашэньне не спрыяе дэмакратызацыі нашай краіны. Аднак адказнасьць за беларускую сытуацыю ляжыць на нас, на беларусах. Мы ня можам загадваць эўрапейцам, што рабіць, а чаго не рабіць, мы можа толькі ацэньваць эфэктыўнасьць тых ці іншых крокаў”.

Віцебскі сябра незарэгістраванай партыі «Белая Русь» Аляксандар Кірылаў праходзіў курс лячэньня ў Рэспубліканскім шпіталі спэлеалячэньня ў Салігорску. Адтуль ён патэлефанаваў на «гарачую лінію» ў Міністэрства аховы здароўя і паскардзіўся на факты п’янак у клініцы, парушэньне правілаў унутранага распарадку, неаказаньне хворым на бясплатнай аснове мэдычных паслуг. Актывіста выслухалі і параілі вырашыць ўсе пытаньні на месцы. Неўзабаве ж пасьля таго, як ён паспрабаваў зрабіць гэта, яму прыйшлося кінуць свае манаткі ў шпіталі і ўцякаць на перакладных дадому ў Віцебск.

Генэральная пракуратура паведаміла, што зварот аб непрыняцьці мер па вышуку зьніклага ў 1998 годзе сына, які Ўладзімер Жыгулоў перадаў некалькі месяцаў таму ў рукі галоўнага інспэктара па Віцебскай вобласьці Мікалая Дамашкевіча, будзе накіраваны ў пракуратуру Віцебскай вобласьці для праверкі выкладзеных у ім довадаў.