Жыхарка Дуброўна запісала відэаролік, дзе просіць сына вярнуцца з расійскай арміі
Вольга (аўтарка відэароліка) кажа, што на сувязь сын выходзіць з казармы, дзе шмат такіх самых маладых хлопцаў, у тым ліку беларусаў. Яна лічыць, што іх мэтанакіравана схіляюць да падпісання кантрактаў. Таму яна звяртаецца да Аляксандра Лукашэнкі з пытаннем, чаму беларускім хлопцаў дазваляюць пагаджацца на ўдзел у вайне, да якой Беларусь не мае дачынення. Яе сын Максім пад нікам “Беларус” адказвае ў каментарах, каб маці не хвалявалася. У яго на аватарцы – дзяржаўны беларускі сцяг.
У Паставах распачалі другі этап збору "антыкарупцыйных ананімак". Пра вынікі першага - не паведамляюць
Каля ўваходу ў Пастаўскі райвыканкам таксама ўсталявалі паштовую скрыню для ананімных паведамленняў пра выпадкі карупцыі, а таксама пра факты хабарніцтва і вымагальніцтва. Яго называюць "сродкам аператыўнай сувязі" і папярэджваюць: "чем конкретнее и предметнее изложены обстоятельства, тем выше шанс, что информация будет проверена по существу". Атрымліваецца, шанцы дастукацца да адказных структур і без таго не надта вялікія...
"Аршанская газета" больш не сцвярджае, што ў яе гонар прыдумалі новы торт
Імаверна, прыслухаліся да крытыкі. Цяпер выданне піша пра торт "Оршанска.бай" вельмі сціпла: маўляў, ён "стал хитом продаж. Действительно вкусно и качественно. А главное, из натуральных ингредиентов". Адно што дэманструе выяву кавалачка торта побач з інфармацыяй пра падпіску на "раёнку".
Пад Віцебскам прадаецца былая рэзідэнцыя Лукашэнкі
Афіцыйная назва аб’екта на сайце Віцебскага цэнтра нерухомасці – “База адпачынку “Крупеніна””. Яе ўжо абвясцілі ў продаж, хаця кошт яшчэ не названы. База адпачынку месціцца за 30 км ад Віцебска на беразе возера Бораўна, гэта недалёка ад мяжы Віцебскага і Бешанковіцкага раёнаў. Яе збудавалі ў 2000 годзе, і якраз тут адпачываў Аляксандр Лукашэнка падчас візітаў на фестываль “Славянскі базар”.
Копію пратакола ператрусу не далі, бо там “таямніца асабістых дадзеных”
Такія тлумачэнні апошнім часам пачулі некалькі жыхароў Віцебшчыны. На патрабаванне пакінуць копію пратакола ператрусу і спіс забраных рэчаў ім адказалі, што там запісаны асабістыя дадзеныя сілавікоў. І перадача іх – гэта “парушэнне таямніцы асабістай інфармацыі”. Праўда, не зразумела, пра якую асабістую інфармацыю можа весціся, калі службовыя асобы дзейнічалі ў межах сваіх службовых паўнамоцтваў. Хатніх адрасоў тых, хто правідзіць ператрус, пратаколы не ўтрымліваюць – хіба толькі іх прозвішчы і пасады.