Палітзняволенага Максіма Знака адправілі ў памяшканне камернага тыпу
Пра тое, што былога адваката па рашэнню адміністрацыі папраўчай калоніі №3 змясцілі ў памяшканне камернага тыпу, стала вядома 2 снежня. Раней яго тройчы змяшчалі ў штрафны ізалятар карнай установы “Віцьба”, дзе ён адбывае пакаранне.
Палітзняволеная Ірына Паляніна з Паставаў выйшла на волю
Жанчына адбыла 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму. У красавіку 2021 г. яе асудзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 295 Крымінальнага кодэкса (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Суд над Ірынай Палянінай запомніўся сутнасцю абвінавачання паводле другога артыкула: падчас агляду жытла ў яе знайшлі некалькі патронаў, што засталіся ад бацькі. У заяве пра прызнанне Палянінай палітзняволенай праваабаронцы звярнулі ўвагу на празмернасць пакарання ў параўнанні з іншымі абвінавачанымі па такім самым артыкуле і патлумачылі гэта наяўнасцю іншага, «палітычнага» артыкула 369.
У Віктара Бабарыкі пагоршалі ўмовы працы ў наваполацкай калоніі
Экс-банкіру і палітвязню Віктару Бабарыку прызначылі новую працу ў ПК-1. Цяпер ён выпальвае драўняны вугаль, паведамляе Telegram-канал «Виктор Бабарико». Гэта значыць, што палітзняволены вымушаны ў халодную пару году працаваць на вуліцы цягам 9 гадзінаў штодня за адзіным выходным на тыдні. Варта заўважыць, што ягоная мінулая праца была ўнутры памяшкання без вентыляцыі пры тэмпературы +30 градусаў – у такіх умовах ён працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў у пякарні.
Цэнзар у віцебскім СІЗА -2 не ведае беларускай мовы, а просіць не карыстацца ёй у лістах
Пра такі выпадак стала вядома ў дачыненні да палітвязня Анатоля Латушкі, якому «настойліва раяць» не пісаць лісты па-беларуску, бо цэнзар не вывучала беларускую мову і зусім яе не разумее. Праз гэта лісты на дзяржаўнай мове не даходзяць да палітзняволенага, але ён прынцыпова працягвае ліставанне па-беларуску.
Турэмныя ўлады засакрэцілі інфармацыю пра стан здароўя Мікалая Статкевіча
Жонцы палітвязня да гэтага часу не ўдалося атрымаць інфармацыю аб стане здароўя палітвязня Мікалая Статкевіча, які ў калоніі пасля трох перанесеных кавідаў захварэў на пнеўманію. Яго маглі пакінуць без неабходных лекаў, паведаміла Марына Адамовіч.