Мікалай Статкевіч з-за кратаў павіншаваў Алеся Бяляцкага з Нобелеўскай прэміяй міру
Пра гэта паводле лістоў з глыбоцкай калоніі распавяла Марына Адамовіч, жонка зняволенага палітыка і палітвязня. Таксама яна мяркуе, што Мікалая Статкевіча маглі чарговы раз кінуць у ШІЗА, бо ў нядаўнім лісце да жонкі палітвязень напісаў пра выклік на камісію за чарговыя «парушэнні». Таму Марына Адамовіч мяркуе, што ён зноў у штрафным ізалятары.
У віцебскую ПК-3 накіраваны яшчэ адзін палітвязень
Як стала вядома з лістоў журналіста баранавіцкай газеты «Intex-press» Юрыя Ганцарэвіча, ён быў этапаваны ў калонію «Віцьба-3» яшчэ 1 кастрычніка. Тут ён мае адбываць тэрмін, прысуджаны паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 14 ліпеня судовая калегія абласнога суду Берасця прызнала Юрыя вінаватым і прызначыла яму 2 гады і 6 месяцаў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. 20 верасня 2022 г. Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў.
Былому палітвязню – аршанцу пагражае да 3-х гадоў турмы за ўцёкі
Ураджэнец Воршы Аляксей Коршун быў асуджаны на 2 з паловай гады пазбаўлення волі за каментар ва «ВКонтакте». Пазней ён трапіў у спіс амніставаных – яму замянілі калонію на абмежаванне волі («хімію»). Тэрмін пакарання хлопец адбываў у папраўчай установе адкрытага тыпу №3 у Бярозе, аднак у лістападзе 2021 году здолеў збегчы з-пад варты. У чэрвені гэтага году яго затрымалі ў Расеі, ён быў выдадзены расейскімі ўладамі, і напрыканцы кастрычніка вернуты ў Беларусь.
У палітвязня аршанца Васіля Береснева з’явіўся “хросны”
Дэтлеф Мюлер, дэпутат нямецкага Бундэстагу і былы “хросны” вызваленага Яўгена Дзмітрыева, стаў “хросным” 72-гадовага Васіля Бераснева.
Праваабаронца-палітвязень Валянцін Стэфановіч пераабраны віцэ-прэзідэнтам FIDH
27 кастрычніка ў межах 41-га Кангрэсу Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, сябра ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт FIDH, пераабраны на гэтай пасадзе.