На ўраджэнца Оршы, вядомага спартоўца, блогера-мільённіка Улада Белавусава завялі справу за ўдзел у пратэстах
Пра гэта стала вядома з «пакаяннага відэа» апублікаванага ГУБАЗіКам, дзе спартовец кажа, што « удзельнічаў у пратэстах», «дзяліўся інфармацыяй з тэлеграм-каналаў» і «пакрыўдзіў сілавікоў». А сілавікі дзякуюць «неабыякавым падпісантам» за тое, што яны «злілі» ім старыя відэа хлопца, на якіх ён удзельнічае ў пратэстах у 2020 годзе. Мяркуючы па паведамленні сілавікоў, супраць Белавусава заведзеная крымінальная справа па арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Віцяблянку Яну Пінчук прызналі палітзняволенай
Праваабарончая супольнасць Беларусі ўключыла ў пералік палітычных зняволеных ураджэнку Віцебску Яну Пінчук, якую вінавацяць у паклёпе, незаконных дзеяннях з персанальнымі дадзенымі, распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы, стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем, заклікам да абмежавальных мер (санкцый). Зараз дзяўчыну ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА-2, у верасні Яну Пінчук дэпартавалі з Расеі насуперак закліку Камітэту па правах чалавека ААН абараніць дзяўчыну ад пераследу ў Беларусі.
Паўла Вінаградава пасля месяца ў ШІЗА перавялі ў «спецыяльную палату» на паўгода
Палітвязень Павел Вінаградаў 22 верасня выйшаў са штрафнога ізалятару аршанскай калоніі №12, дзе яго ўтрымлівалі месяц. Але адразу пасля гэтага адміністрацыя калоніі палічыла, што палітвязень «парушае рэжым», таму яго на 6 месяцаў перавялі ў «спецыяльную палату» — «памяшканне камернага тыпу» для хворых на сухоты.
Больш за месяц няма лістоў ад палітвязня Мікалая Статкевіча
Жонка зняволенага палітыка Марына Адамовіч напісала ў Фэйсбуку, што ўжо месяц не атрымлівае лістоў ад мужа, які адбывае пакаранне ў Глыбоцкай калоніі. Жанчына мяркуе, што лісты могуць не праходзіць турэмную цэнзуру, бо Мікалай Статкевіч піша пра цяжкія ўмовы ўтрымання за кратамі і пра новы пазоў да групы асуджаных, у тым ліку і да яго самога, каб спагнаць вялікую суму грошай «за дадатковую працу» сілавікоў падчас падзей 2020 году. Што да самога палітыка, то ён быў затрыманы яшчэ 31 траўня 2020 году ў Менску, калі ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай.
КДБ дадаў у "спіс тэрарыстаў" яшчэ двух асуджаных жыхароў Віцебска
Камітэт дзяржаўнай бяспекі 15 верасня абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". Сярод 8 новых беларускіх “тэрарастаў” у спіс трапілі два жыхара Віцебскага рэгіёна. Гэта палітвязні Павел Сакалоў і Аляксей Рэзнікаў.