Латышаў, жыхар Віцебска, які працаваў на кандытарскай фабрыцы «Віцьба» быў затрыманы 8 верасня 2021 года за перформанс на магілцы з выявай Лукашэнкі і за псаванне банераў з выявамі супрацоўнікаў ДАІ. Пасля выстаўлення абвінавачвання паводле арт. 341 Крымінальнага кодэксу (Апаганьванне будынкаў) і ч. 2 арт. 339 (Хуліганства, здзейсненае групай асобаў) Арцёма змясцілі ў СІЗА да суда. Яго асудзілі сразам з трыма дзяўчатамі, разам з якімі Латышаў ладзіў свае крэатыўныя акцыі, і атрымаў ад лукашэнаўскага суду больш за усіх – 4,5 года калоніі.

У чарговым лісце да жонкі, Марыны Адамовіч, палітвязень напісаў з глыбоцкай калоніі №23, што яму не аддаюць лісты з волі. Пра гэта спадарыня Марына паведаміла ў Фэйсбуку, і тут жа ў каментарах азваліся людзі, якія пісалі да Мікалая Статкевіча. Адказу яны не атрымлі, дый лісты з паштоўкамі ад сяброў ды знаёмых таксама не трапілі да зняволенага. «Лістоў ад іншых людзей няма, відавочна, іх не прапусцяць. Але падзякуй ад мяне усіх, хто спрабаваў павіншаваць мяне, хто маліўся за нас. Мае калядныя віншаванні ўсім ім. А таксама каляднае пажаданне людзям нашай і суседніх краін – «Міра і волі!»–цытуе жонка ліст ад Мікалая Статкевіча.

30 снежня святкуе дзень нараджэння жыхар Віцебска, адзін з лідараў беларускай апазіцыі, палітвязень, пісьменнік Павел Севярынец. Яму споўнілася 46 гадоў. Гэта дзявяты дзень нараджэння, які палітык праводзіць за кратамі.

Палітзняволены старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна» трапіў у віцебскую ПК-3 сёлета 27 студзеня. Сюды яго накіравалі адбываць тэрмін пазбаўлення волі, прысуджаны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (« Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Стаўленне да Леаніда Судаленкі з боку адміністрацыі віцебскай калоніі адмысловае: яго паставілі на асобны кантроль, паводле інфармацыі праваабаронцаў, да яго часта прыходзяць з пазапланавымі праверкамі, выварочваюць і пераглядаюць ягоныя рэчы.

З сакавіка бягучага года чыноўнікі з Міністэрства ўнутраных спраў вядуць спіс асоб, якія маюць дачыненне да так званай экстрэмісцкай дзейнасці. У гэтую базу практычна штодня залічваюцца грамадзяне краіны, якія выказалі незадаволенасць вынікамі падліку галасоў на апошніх выбарах Кіраўніка дзяржавы і потым асуджаныя па так званых «пратэстных народных артыкулах». За апошнія 6 месяц 2022 года колькасць «экстрэмістаў» у Віцебскай вобласці павялічылася ў 2,5 разы: з 67 імёнаў да 177. Сярод «палітычна нядобранадзейных асоб» 32 жанчыны і 145 мужчын.