Напрыканцы снежня мінулага года дэпутаты гарсавета зацвердзілі інвестыцыйную праграму і бюджэт Віцебска на 2023 год. На думку незалежных экспертаў, эканамічная праграма віцебскіх улад выглядае залішне аптымістычнай з прычыны страты рынкаў збыту Украіны і заходніх краін, дэградацыі гарадской прамысловасці і палітычнай і эканамічнай эміграцыі кваліфікаваных працаўнікоў у Расію, у Польшчу і ў дзяржавы Балтыі. 

За мінулы год колькасць пажараў у рэгіёне засталася практычна на тым самым узроўні. У абсалютных лічбах гэта выглядае так: у мінулым годзе адбылося 941 здарэнне, а ў 2021 было зафіксавана 948 узгаранняў. Пад час іх загінулі 109 чалавек, гэта на 7 выпадкаў больш, чым у 2021 годзе. Ратавальнікам удалося выратаваць ад гібелі ў агні 59 жыхароў Віцебскай вобласці.

З пачатку новага года праз пункты пропуску Полацкага пагранатрада Віцебскай вобласці ў Беларусь без візаў уехала амаль 2000 іншаземцаў. Гэта ў 1,5 раза менш, чым у даваенным студзені 2022 года.

23 снежня мінулага году суд Чашніцкага раёну прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суполку «Докшицы Live» сацыяльнай сеткі «ВКонтакте». Докшыцкая раённая газета «Родныя вытокі», спасылаючыся на пракурора раёну Алега Несцяронка, піша, што «у дачыненні да стваральнікаў, адміністратараў, актыўных удзельнікаў, якія займаліся рэпостамі і іншай папулярызацыяй рэсурсу, будуць уздымацца пытанні аб адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці».

Па словах палкоўніка Шкодзіна, ціктокерам ён стаў, «каб наладзіць камунікацыю з прызыўнікамі». Сёння на яго канал падпісаны больш як паўмільёна чалавек, і ваенком з задавальненнем распавядае дзяржаўным медыям пра сваю «творчую кухню». Але ж нідзе не паведамляе пра будзь-якія спробы статыстычнага аналізу – наколькі відэаролікі з ягоным удзелам насамрэч уплываюць на рашэнне маладых хлопцаў наконт службы ў войску і ці варта лічыць сур’ёзным дасягненнем у выхаванні маладога пакалення каментары кшталту «заберите пожалуста школа надоела» (арфаграфія і пунктуацыя як у арыгінале).