На Віцебшчыне будзе падвышаны кантроль за ахвотнымі ўладкавацца ў міліцыю
Падчас пасяджэння Калегіі МУС Віцебскага аблвыканкаму, якое прайшло ў абласным цэнтры 27 студзеня, прысутны на імпрэзе міністр унутраных справаў Іван Кубракоў заявіў пра неабходнасць больш пільнага кантролю за асобамі, якія хочуць навучацца ў профільных установах адукацыі. Бо пасля падзеяў 2020г. мелі месца шматлікія выпадкі, калі супрацоўнікі звальняліся з сілавых структур на знак нязгоды з вынікамі мінулых прэзідэнцкіх выбараў. А таксама збіралі асабістыя дадзеныя сваіх калегаў і перадавалі іх для апублікавання.
У Віцебску прайшлі імпрэзы да Міжнароднага дня памяці ахвяраў Халакосту
З 2006 г. гэты дзень адзначаюць у памяць пра вызваленне вязняў канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц, якое абылося 27 студзеня 1945г. У гэтым лагеры нацысты замучылі каля мільёна габрэяў і тысячы прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Нягледзячы на тое, што дзень памяці ахвяраў Халакосту адзначаюць штогод, у Віцебску дагэтуль на належным узроўні не ўшанавана памяць пра вязняў мясцовага гета, якое мясцілася на беразе Дзвіны ў раёне сучаснай вуліцы Іллінскага, і дзе ў часе мінулай вайны загінулі 16-18 тысяч чалавек. Тут усталяваны толькі часовы памятны знак з абяцаннем стварыць сапраўдны мемарыял ці нават музей гета ў будынку былога раённага дома культуры, які шмат гадоў стаіць зачынены.
Наваполацкім СМІ загада актывізавацца ў інфармацыйнай вайне
Міністр інфармацыі Ўладзімір Пярцоў наведаў рэдакцыі наваполацкага тэлевізійнага канала «Вектор ТВ» і газеты «Новополоцк сегодня». А таксама сустрэўся з прадстаўнікамі так званага «ідэалагічнага актыву» гораду, куды ўваходзяць кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, удзельнікі праўладных партыйных структур, прафсаюзаў і гд. Тэмай гутаркі стала абмеркаванне задачаў ідэолагаў і СМІ «у няпростых умовах ідэалагічнай вайны». Міністр інфармацыі падкрэсліў, што ўнутры краіны і за яе межамі ўтварылася складаная абстаноўка, і што работнікі «ідэалагічнага фронту» сёння павінны супрацьстаяць негатыўнаму парадку дня, які прасоўваюць апаненты ў адносінах да Беларусі».
Дэпутаты маюць намер змяніць умовы лячэння ад алкагольнай і наркатычнай залежнасці
Улады ў хуткім часе запусцяць у юрыдычнае абарачэнне Закон "Аб змене законаў па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі". На думку дэпутатаў у законе гарманічна спалучаюцца гвалтоўнае лячэнне ад алкагалізму і наркаманіі і прымусовая праца. Як лечаць, пазбаўляе ад шкодных прыхільнасцяў у віцебскіх ЛПП можна паглядзець тут, тут і тут.
“Чыноўнікі - пра дасягненні навукі, а народ ім у адказ - пра якасць дарог і водазабеспячэнне”
Браслаўскія чыноўнікі паехалі распавядаць у Відзаўскі каледж пра прыярытэты і дасягненні беларускай навукі, а людзей больш хвалявала якасць дарог і развіццё сістэм водазабеспячэння.