68-гадовая былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эма Сцепулёнак, затрыманая за каментар у сатсетках па "справе Зельцэра", утрымліваецца пад вартай ужо чатыры месяцы. Адразу — у жодзінскай турме, а цяпер — у следчым ізалятары №2 у Віцебску. Палітзняволеная мяркуе, што ў лютым над ёй пачнецца суд. Жанчына не мае ў Беларусі ані сваякоў, ані сяброў, але неабыякавыя людзі не пакінулі яе сам-насам з рэпрэсіямі.

Адразу пасля абвяшчэння даты правядзення «рэферэндуму» ў сацыяльных сетках пачалася дыскусія аб эфектыўнасці кампаніі «Забяры свой голас». Аўтары прапанавалі стратэгію своеасаблівага «байкоту» замест стратэгіі штабу Ціханоўскай ператварыць рэферэндум у «вотум недаверу» рэжыму.

Раніцай 22 студзеня ў маскоўскім метро затрымалі Дзяніса Зорына – грамадзяніна Расеі, які мае від на жыхарства ў Беларусі. Пры затрыманні яму паведамілі, што ён знаходзіцца ў федэральным вышуку па запыце з Беларусі – нібыта за абразу прадстаўнікоў улады. У выпадку экстрадыцыі, беларускі суд мог асудзіць Зорына да 3 гадоў пазбаўлення волі.

21 студзеня 2022 году Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці кіраўніцтва справамі прэзідэнта ў чарговы раз адмовіў Евангельскай царкве Новалукомля ў рэгістрацыі атрыманай гуманітарнай дапамогі на суму 25625 шведскіх крон (2800 долараў) ад дабрачыннай арганізацыі «Ос-Хельпен» (Швецыя) і запатрабаваў вярнуць увесь тавар назад адпраўніку за кошт членаў царкоўнай арганізацыі.

Да пачатку 2022 году на рынку працы Віцебскай вобласці выявіліся негатыўныя тэндэнцыі, звязаныя з дэфіцытам працаўнікоў і спецыялістаў ва ўсіх асноўных галінах эканомікі. Гэта звязана з праблемамі ў беларускай эканоміцы, уведзенымі санкцыямі і палітычным крызісам, які працягваецца пасля выбараў 2020 году.

У сувязі з абвяшчэннем даты правядзення рэферэндуму аб зменах у Канстытуцыю прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» выказалі прыхільнасць пазіцыі беларускіх праваабарончых арганізацыяў з нагоды канстытуцыйнай рэформы і заявілі аб немагчымасці поўнамаштабнага назірання за абвешчаным рэферэндумам. Прыводзім заяву цалкам.  

За першыя тры тыдні 2022 году рашэннямі судоў Віцебску і Віцебскай вобласці былі залічаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў 7 інфармацыйных рэсурсаў. Пры гэтым суды скарысталіся правам неадкладнага выканання сваіх рашэнняў, паколькі, на думку суддзяў, прамаруджванне ў выкананні рашэнняў можа нанесці значную шкоду дзяржаве або зрабіць немагчымым самое іх выкананне. 

Двое жыхароў Воршы сталі фігурантамі крымінальнай справы пасля здзеку з дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь. Следчыя кваліфікуюць дзеянні маладых людзей у межах артыкулу 370 КК РБ, і ў выпадку даказанасці іх датычнасці і пры наяўнасці ў гэтых дзеяннях складу злачынства, суд можа пакараць кожнага да 3-х гадоў пазбаўлення волі. 

Пракуратура вынесла больш за восем тысяч афіцыйных папярэджанняў за ўдзел у «несанкцыянаваных» акцыях. Актыўная фаза пратэстаў мінула, а людзей працягваюць выклікаць у міліцыю і пракуратуру на «прафілактычныя гутаркі». Расказваем, што гэта такое і як сябе паводзіць падчас такой размовы. Пра гэта напісала “Наша ніва”.

20 студзеня суд Полацку і Полацкага раёну прысудзіў 38-гадовага Руслана Слуцкага да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Мужчына прызнаны вінаватым у акце тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК) і замаху на прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў зносін (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК). Суд цягнуўся больш за месяц, бо пацярпелымі ў справе праходзіла каля 70 чалавек, паведамляе «Вясна».