Справу разглядаў суддзя Уладзімір Царыкаў. Згодна з пратаколам, 15 траўня 2021 году рэлігійная абшчына «Евангельская Царква ў горадзе Новалукомль» падала для мытнага дэкларавання зборны груз, які паступіў на адрас царквы са Швецыі ў якасці гуманітарнай дапамогі, дапусціўшы недакладнае ўказанне звестак пра гандлёвыя маркі.
«Аліўкавы алей, кава, кандытарскія вырабы, мука, цукар, масла, мэбля, пальчаткі, мяккая цацка, канцтавары, аўтафатэль, чай «Ліптан», печыва, адзенне, абутак, каляска інвалідная, свяцільнік...» – пералічваў суддзя Царыкаў. У дэкларацыі было больш за 30 найменняў тавараў, якія вызваляліся ад выплаты падаткаў і збораў – як гуманітарны груз.
Суддзя пацікавіўся ў прадстаўніка мытні, «ці магло паўплываць няправільнае ўказанне звестак аб таварнай марцы ў гэтай дэкларацыі на памер і паўнату плацяжоў, якія спаганяюцца, з улікам прэферэнцыяў, з гэтага тавару».
Галоўны інспектар аддзелу мытных плацяжоў віцебскай мытні Вадзім Бандарэнка зразумелага адказу так і не даў. Спаслаўся адно на дэкрэт прэзідэнта №3 ад 2020 году «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе» ды іншыя заканадаўчыя акты і заявіў, што тэарэтычна гэта магло паўплываць на памер пошліны, але ў рэальнасці – не паўплывала. Сказаў, што «гэтыя тавары не адпавядаюць тым таварам, якія ўзгадняліся кіраўніцтвам справамі і дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці».
Пастар Евангельскай Царквы Аляксандр Зарэцкі паведаміў, што частку тавару мытня прапусціла, а частка засталася на складзе.
«З пратаколу, які склала мытня, не ўсе тавары трапілі ў дэкларацыю, частку тавару адвезлі ў Воршу на склад. Адвезлі, таму што скончыўся тэрмін часовага кантролю, адносна іх не прымалася рашэнняў, і яны не выпушчаныя», – патлумачыў пастар.
«Нейкія захады ў дачыненні да гэтага тавару вы гатовыя рабіць?» – пацікавіўся суддзя. «Мы нічога не будзем рабіць: ні забіраць, ні размытняць – няхай яны застаюцца», – адказаў пастар Аляксандр.
Прадстаўнік мытні Бандарэнка папярэдзіў, што, калі не будуць зробленыя захады, то тавар пяройдзе на карысць дзяржавы і ў далейшым будзе «пушчаны ў рэалізацыю праз гандлёвую сетку».
Шведская арганізацыя, якая адправіла груз, патлумачыла, што «гуманітарны груз у Рэспубліку Беларусь прызначаўся для дапамогі шматдзетным і няпоўным сем'ям, пенсіянерам і інвалідам». Удакладніла, што, магчыма, валанцёры, якія не маюць вялікага досведу, зрабілі нязначныя памылкі ў дэклараванні тавару.
Суддзя Уладзімір Царыкаў прыняў рашэнне Евангельскую Царкву вызваліць ад адміністрацыйнай адказнасці з прычыны малазначнасці ўчыненага правапарушэння. А адміністрацыйную справу спыніў. У віцебскай мытні ёсць магчымасць абскардзіць рашэнне ў абласным судзе.
Уладзімір Бяляўскі