Падазраванымі па справе праходзяць 30-гадовы жыхар райцэнтра Дзмітрый Матусевіч і ягоны 29-гадовы прыяцель Вячаслаў. Яны адным са студзеньскіх вечароў спрабавалі спаліць беларускі сцяжок на парозе крамы. Калі зрабіць гэта не ўдалося, адзін з іх зрабіў неўдалую папытку скамечыць і растаптаць яго. Пасля гэтага мужчыны кінулі імітацыю сцяга на зямлю і сышлі.
Праз пэўны час супрацоўнікі крымінальнага вышуку Аршанскага РУУС высветлілі іх асобы.
Па версіі аператыўнікаў, падазраваныя бавілі час за распіваннем алкаголю. Калі яны ў чарговы раз вырашылі набыць алкаголь у краме, на вочы ім трапіла зменшаная версія дзяржаўнага чырвона-зялёнага сцяга на касе. Свае далейшыя дзеянні Дзмітрый і Вячаслаў выразна патлумачыць не здолелі, спісваючы ўсё на дзеянне алкаголю.
Цяпер следству будзе неабходна даказаць, што імітацыя дзяржаўнага сімвала ёсць паўнавартасным дзяржаўным сцягам, і ці ёсць склад злачынства ў няўдалай спробе спаліць гэты сцяжок.
Іван Чайка