Эканамічны суд Віцебскай вобласці прызнаў ААТ «Віцебскабллён» банкрутам і вынес рашэнне аб яго ліквідацыі. Агульны сход акцыянераў даўжніка сам ініцыяваў зварот у суд для пачатку афіцыйнага скасавання вытворчага аб'яднання. Запазычанасці аб'яднання складаюць 627 тыс. рублёў. Пра гэта піша statuspro.by.

У самы разгар міграцыйнага крызісу праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся да Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем умяшацца ў сітуацыю і пакараць вінаватых за развязаную беларускімі ўладамі канфліктную сітуацыю на беларуска-польскай і беларускай-літоўскай участках мяжы. Аднак Генеральная пракуратура ўхілілася ад дачы прававой ацэнкі сітуацыі, а на заяўленыя патрабаванні спыніць беззаконне Левінаў атрымаў адказ з гарадзенскай памежнай вайсковай часткі.

Супрацоўнікі аддзелу прымусовага выканання Першамайскага раёну Віцебску 3 снежня арыштавалі і адабралі маёмасць і грошы бацькоў віцебскага актывіста Андрэя Кулакова – уладальніка легендарнага «Жывемабіля». Канфіскацыю правялі ў межах выканаўчага дакументу з патрабаваннем спагнаць з Кулакова 1160 рублёў штрафу, прысуджаных яму за «начны пікет» у верасні 2020 году. Андрэй Кулакоў, які знаходзіцца зараз за межамі краіны, назваў арышт маёмасці ягоных бацькоў рабаваннем.

Суд Наваполацку асудзіў 40-гадовага мясцовага жыхара на два з паловай года калоніі за тое, што падчас пратэставай акцыі ў жніўні 2020 году ён, па версіі следства, чыніў супраціў міліцыянту пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку, пры гэтым нібыта ўжыў у дачыненні супрацоўніка МУС гвалт. Суд таксама пастанавіў выплаціць міліцыянту матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў. 

Стала вядома, што ў дачыненні былой журналісткі «Еўрарадыё» Юліі Матузавай следчыя органы распачалі крымінальную справу за нібыта дачыненне да каналу «Карнікі Беларусі». Міліцыянты правялі ператрус у яе бацькоў у Наваполацку. Па якім артыкуле ідзе расследаванне, яны не паведамілі. Гэта першая крымінальная справа, заведзеная на журналістаў "Еўрарадыё".

Згодна са статыстычнымі дадзенымі, сярэдняя налічаная заработная плата ў Віцебскай вобласці па стане на кастрычнік 2021 году склала 1244,1 руб., або 505,1 долара ЗША. Аднак паводле звестак агульнарэспубліканскага банку вакансій па рэгіёну, каля 30% наймальнікаў гатовыя плаціць новапрынятым работнікам ад 400 да 500 рублёў. 

7 снежня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску агучыў прысуд у справе, заведзенай на былога супрацоўніка МУС Аляксандра Жалязоўскага за абразу ў інтэрнэце прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). 50-гадовага віцябляніна прызналі вінаватым і асудзілі на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Апроч таго, Жалязоўскі мусіць выплаціць пацярпеламу кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» ў гэтым годзе адсвяткаваў 25-годдзе сваёй дзейнасці ў Беларусі. І за сваю мірную праваабарончую дзейнасць цяпер за кратамі знаходзіцца сем «вясноўцаў». Падпішы петыцыю за іх вызваленне!

Актывіст з Дуброўна Міхаіл Чамурака, асуджаны ў ліпені 2021 году да трох гадоў абмежавання волі за паклёп (арт. 188 КК), выехаў 26 лістапада з Беларусі і знаходзіцца зараз у бяспецы. Пра гэта паведамілі праваабаронцы ПЦ «Вясна». Чамурака ад 10 кастрычніка адбываў пакаранне на ваўкавыскай «хіміі» (ПУАТ №29). Ён быў прызнаны палітвязнем.

30 лістапада суд Кастрычніцкага раёну Віцебску не задаволіў просьбы Кастрычніцкага РАУС аб змяненні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду ў дачыненні былога палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Супрацоўнікі РАУС хацелі зрабіць рэжым нагляду больш жорсткім, бо, на іх думку, Жамчужны «не стаў на шлях выпраўлення» – парушыў на ровары правілы дарожнага руху. Суд палічыў патрабаванні міліцыянтаў неабгрунтаванымі.