Нядзеля, 05 Снежань 2021

Міліцыя хацела ўзмацніць рэжым прэвентыўнага нагляду для Жамчужнага – суд адмовіў

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Міхаіл Жамчужны. Фота: Серж Трубачоў Міхаіл Жамчужны. Фота: Серж Трубачоў

30 лістапада суд Кастрычніцкага раёну Віцебску не задаволіў просьбы Кастрычніцкага РАУС аб змяненні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду ў дачыненні былога палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Супрацоўнікі РАУС хацелі зрабіць рэжым нагляду больш жорсткім, бо, на іх думку, Жамчужны «не стаў на шлях выпраўлення» – парушыў на ровары правілы дарожнага руху. Суд палічыў патрабаванні міліцыянтаў неабгрунтаванымі.

Справу разглядаў суддзя Сяргей Будрэвіч. Сам Міхаіл Жамчужны на паседжанні не прысутнічаў.

18 студзеня 2021 году суд Горацкага раёну Магілёўскай вобласці ўстанавіў у дачыненні Міхаіла Жамчужнага прэвентыўны нагляд на 2 гады (Жамчужны выйшаў на волю 19 лютага). Былы палітвязень цягам гэтага тэрміну абавязаны 2 разы на месяц з'яўляцца для рэгістрацыі ў органы ўнутраных спраў. Яму таксама забараняецца наведваць крамы, кавярні і гандлёвыя палаткі ў мэтах набыцця алкагольных напояў.

Але наглядныя органы прыйшлі да высновы, што Міхаіл Жамчужны не стаў на шлях выпраўлення, бо 8 красавіка 2021 году быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху (арт. 18.20 КаАП) – яго папярэдзілі. З гэтай прычыны супрацоўнікі МУС падалі прадстаўленне ў суд з просьбай змяніць патрабаванні прэвентыўнага нагляду: зʼяўляцца для рэгістрацыі ў АУС 4 разы на месяц у прызначаны час і не наведваць месцы правядзення масавых мерапрыемстваў.

На судзе старшая памочніца пракурора Віцебску Крысціна Мацвеева выказала меркаванне, што прадстаўленне Кастрычніцкага АУС не падлягае задавальненню. З пададзеных у суд матэрыялаў вынікае, што Жамчужны не чыніў парушэнняў правіл прэвентыўнага нагляду, хоць і атрымаў папярэджанне за парушэнне правілаў дарожнага руху.

«Учыненае Жамчужным адмііністрацыйнае правапарушэнне, прадугледжанае ч.1 арт. 18.20 КаАП, не сведчыць аб неабходнасці абавязаць Жамчужнага не наведваць месцы масавых мерапрыемстваў», – гаворыцца ў пастанове суду.

Абавязак жа зʼяўляцца ў органы для рэгістрацыі ад 1-го да 4-х разоў на месяц і так прапісаны ў заканадаўстве.

У сваёй пастанове суддзя Сяргей Будрэвіч прадстаўленне АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску пакінуў без задавальнення.

«Матэрыялы справы ўсяляк ад мяне хавалі – і міліцыянты, і суд. Гэтак і не далі. Наконт жа рашэння – яно чаканае. Бо я змагаўся, змагаюся і буду змагацца з незаконнымі прысудамі. Усе суддзі, пракуроры і следакі гэта ведаюць. З улікам, што цяперашняя сітуацыя нявечная, яны не хочуць падпасці пад люстрацыю», – пракаментаваў рашэнне суду былы палітвязень і праваабаронца Міхаіл Жамчужны.

Янка Прас