7 снежня ў доме бацькоў Юліі Матузавай у Наваполацку работнікі УУС па Віцебскай вобласці правялі ператрус і забралі тэхніку журналісткі. Па якім артыкуле распачатая справа, міліцыянты не паведамілі, але, верагодна, ператрус быў звязаны з яе прафесійнай дзейнасцю. У выніку быў канфіскаваны жорсткі дыск кампутара, планшэт і каляндар мастачкі Вольгі Якубоўскай з бчб-кацянятамі.
Юлія ў размове з "Медыязонай" сказала, што не мае дачынення да працы ТГ "Карнікі Беларусі", які ад сакавіка 2021 году ўнесены ў спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў". Яна паведаміла, што не знаёмая з Соф'яй Сапегай, у дачыненні якой завершанае следства і якой выставілі злачынствы, звязаныя з распальваннем сацыяльнай варожасці, злачынства супраць інфармацыйнай бяспекі, пагрозы на адрас сілавікоў. Адзінае, што пацвярджае Юлія, гэта сваё знаёмства з Раманам Пратасевічам і Яўгенам Юшкевічам, але кажа, што ў іх палітычных справах, звязаных з пратэстамі, удзелу не брала.
Юлія Матузава скончыла журфак БДУ ў 2017 годзе, пасля па размеркаванні патрапіла ў газету «СБ. Беларусь сёння». Крыху болей года, да лістапад 2021 года, працавала на "Еўрарадыё". Цяпер жыве ў Гішпаніі.
Віталь Кажух