Аб'яднанне «Віцебскабллён» быў створаны ў 2005 годзе з мэтай аптовага гандлю кароткім і доўгім ільновалакном, аказання кансультацыйных і транспартных паслуг. Згодна з інфармацыяй на сайце Віцебскага аблвыканкаму, датаванай 2015 годам, у склад акцыянернага таварыства ўваходзіла 19 ільнозаводаў вобласці, на якіх былі занятыя каля 2,1 тыс. працаўнікоў. Колькасць працаўнікоў непасрэдна абʼяднання складала 36 чалавек.
У апошнія гады «Віцебскабллён» сутыкнуўся з фінансавымі цяжкасцямі і не мог набываць прадукцыю для рэалізацыі. Пры гэтым прадпрыемства рэгулярна атрымлівала перадаплату ад замежных контрагентаў. За кошт гэтага ў яго атрымлівалася выплачваць заробкі, разлічвацца з бюджэтам і часткова гасіць назапашаныя даўгі.
У 2020 годзе сітуацыя з выкананнем дамоўных абавязкаў пагоршылася праз пандэмію COVID-19, бо зачыніўся кітайскі рынак.
Ва ўмовах стратнай дзейнасці, а таксама адсутнасці крыніц інвестыцыйных рэсурсаў для развіцця далейшае дасудовае аздараўленне акцыянернага таварыства прызнанае немэтазгодным. Дасудовае аздараўленне праводзілася некалькі апошніх гадоў.
Па рашэнні эканамічнага суду антыкрызісны кіраўнік павінен правесці ліквідацыйную вытворчасць прадпрыемства цягам 8 месяцаў. Таксама за гэты перыяд трэба пагасіць даўгі прадпрыемства ў памеры амаль 627 тыс. рублёў за кошт распродажы актываў.
Агульны кошт маёмасці прадпрыемства ацэньваецца прыкладна ў 520 тысяч рублёў.
Каля чвэрці гэтай сумы прыпадае на дэбіторскую запазычанасць, асноўную частку якой складаюць праблемныя для спагнання даўгі прадпрыемстваў рэгіёну. Апроч таго, у абʼяднання маецца нерухомасць у Віцебску і Воршы, дзе размешчаная экспартная база, якая ўключае адміністрацыйны будынак і некалькі складскіх збудаванняў, а таксама транспартныя сродкі і абсталяванне. Але невядома, ці хопіць грошай, атрыманых з продажу гэтых актываў, для ліквідацыі фінансавых абавязкаў.
Міхась Пісараў