Як раней паведамляла «Віцебская Вясна», паўторны разгляд справы Марыі Волкавай і Андрэя Кулакова ініцыявала пракуратура. У кастрычніку 2020 году суд Віцебскага раёну абвінаваціў Марыю Волкаву ў правядзенні несанкцыянаванага пікетавання (арт. 23.34 КаАП) у вёсцы Лучынаўка, прызнаў яе вінаватай і аштрафаваў на 15 базавых велічынь. Справа ў дачыненні да Кулакова летась была спыненая.
На паседжанні 28 чэрвеня Марыя Волкава заявіла, што абставіны той ночы амаль не памятае і адаслала суд да сваіх першапачатковых паказанняў, зафіксаваных у матэрыялах справы. Маўляў, ніякіх малюнкаў і сімвалаў на сцены не наносіла, а ўцякаць кінулася абсалютна інстынктыўна, бо не ўспрыняла людзей, якія выбеглі з машыны, з міліцыянтамі.
Андрэй Кулакоў, як і мінулым разам, праз скайп быў вельмі актыўны. У нейкі момант суддзі Таццяне Лабацкай гэта не спадабалася, і яна загадала адключыць злучэнне. Далейшыя слуханні прайшлі без удзелу Кулакова.
Як і летась, супрацоўнікі ДПС Віцебскага раёну Чаплыгін і Ануфрыеў засведчылі ў судзе, што ў тую ноч тры разы праязджалі праз Лучынаўку. На другі раз бачылі, як мужчына і жанчына наносілі малюнкі на сцяну шынамантажа ля кавярні «Сава», пра што і паведамілі дзяжурнаму. На трэці раз пасля непрацяглага пераследу затрымалі Волкаву і Кулакова. Засведчылі, што рукі Волкавай нібыта былі запэцканыя чорнай фарбай, якую яна імкнулася сцерці.
Вялікі адрэзак працэсу заняў прагляд відэафайлаў, пададзеных службай ДПС. Часткай інфармацыі, зафіксаванай на відэа, скарыстаўся бок абароны. Так адвакатка Волкавай адзначыла, што пры затрыманні Кулакова першапачаткова размова пра малюнкі на сценах наагул не ішла. Міліцыянты хацелі праверыць яго на датычнасць да ўскрыцця фураў, якія былі прыпаркаваныя паблізу. Таксама супрацоўнікі ДПС да затрымання Кулакова і Волкавай нідзе не казалі, што тыя малююць. А да Волкавай і наагул некалькі разоў была ўжытая фраза «другі пабег», а не «пабегла», то бок пэўнасці, што гэта была дзяўчына, не было.
На погляд адвакаткі, суду ізноў не было пададзена дастаткова доказаў, якія б пацвердзілі факт учынення яе падабароннай адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага арт. 23.34 КаАП. Абаронца прасіла адміністрацыйную справу ў дачыненні да Волкавай спыніць з прычыны недаказанасці яе віны.
Выслухаўшы довады абароны, суддзя Таццяна Лабацкая, не выходзячы з залы, пастанавіла на падставе ч. 1 арт. 23. 34 КаАП ізноў аштрафаваць Марыю Волкаву на 15 базавых, а Андрэя Кулакова на падставе ч. 3 арт. 34. 34 КаАП – на 40 базавых велічыняў.
С. Горкі