Віцебскі абласны суд 29 кастрычніка разгледзеў скаргу аднаго з прафсаюзных лідараў наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» Вадзіма Міхайлава. Ён спрабаваў адмяніць рашэнне наваполацкага суду, які 20 кастрычніка прысудзіў яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту за нібыта ўдзел у масавым мерапрыемстве (ч.1 арт. 24.23). Суддзя Ірына Смалякова скаргу не задаволіла, а рашэнне суду пакінула без зменаў.

Па дадзеных следства, у жніўні, кастрычніку і лістападзе мінулага года 21-гадовая дзяўчына і 19-гадовы юнак нанеслі фарбай з аэразольных балончыкаў надпісы на кіёск і прыпынак, размешчаныя ў Віцебску на вуліцы Яроменкі, і на сцены трох гаражоў на вуліцы Лазо. На думку следчых, сваімі дзеяннямі маладыя людзі ўчынілі псаванне маёмасці і прычынілі прадпрыемствам маёмасную шкоду. Ці мелі надпісы пратэставы характар, міліцыя не паведамляе.

Матэрыялы з патрабаваннямі выконваць масачны рэжым сталі знікаць з салонаў аўтобусаў, трамваяў, тралейбусаў і маршрутак у Віцебску. Таксама спынілі гукавую трансляцыю папярэджанняў пра абавязковае нашэнне масак у грамадскім транспарце. Яшчэ ў нядзелю 24 кастрычніка ў транспарце папярэджвалі пра масачны рэжым, але ў аўторак 26 кастрычніка – ужо не, пішуць «Народныя навіны Віцебску».

Раніцай 24 кастрычніка, вяртаючыся з забаўляльнай установы, віцяблянін некалькі разоў штурхнуў нагой дзверы адміністрацыйнага будынку органаў унутраных спраў. Гэты факт прычыніўся да пачатку крымінальнага пераследу «крыўдзіцеля» дзяржаўнай маёмасці. Міліцыя выявіла яго пры дапамозе камер відэаназірання. 

Суд Полацку і Полацкага раёну 26 кастрычніка завяршыў разгляд крымінальнай справы, заведзенай на 51-гадовую прадавачку аднаго з гандлёвых цэнтраў. Жанчыну вінавацілі ў злачынствах, прадугледжаных адразу трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу -188, 364, 369. Суд прызнаў яе вінаватай у паклёпе, абразе прадстаўніка ўлады і пагрозе ўжывання гвалту да супрацоўніка ўнутраных спраў. Вырак – тры гады «хіміі».

Ад пачатку 2021 году раённымі судамі Віцебскай вобласці 29 тэлеграм-чатаў, груп і каналаў пратэставага зместу былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Аднак на сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі не пазначана, за якія канкрэтныя публікацыі суддзі вынеслі рашэнні аб прызнанні таго ці іншага матэрыялу экстрэмісцкім.

На інтэрнэт-платформе petition.by 23 кастрычніка была размешчаная петыцыя з просьбай правесці праверку ў дачыненні да афіцыйнай газеты Чашніцкага райвыканкаму «Чырвоны прамень». Ініцыятары лічаць, што супрацоўнікі рэдакцыі распаўсюджваюць інфармацыйную прадукцыю, якая ўключаная ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Петыцыю маюць даслаць 1 лістапада ў пракуратуру Віцебскай вобласці і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Яшчэ ў верасні 2021 году праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з заявай аб нелегальнай міграцыі замежных грамадзян у напрамку краін Еўрапейскага Саюзу. Але ні ў Генпракуратуры, ні ў пагранкамітэце існую сітуацыю на дзяржаўнай граніцы не разглядаюць у межах дзейнага крымінальнага заканадаўства.

З другой паловы кастрычніка ў Віцебску пачаў працаваць «COVID-патруль», у межах якога валанцёры БРСМ публічна нагадваюць жыхарам гораду аб важных мерах прафілактыкі каранавірусной інфекцыі. Але, па прызнанні ўдзельнікаў акцыі, сярод іх практычна адсутнічаюць прышчэпленыя ад гэтай хваробы.

Міліцыя працягвае паведамляць пра затрыманні і завядзенні крымінальных справаў у дачыненні грамадзян, якія нібыта прынізілі гонар і годнасць чыноўнікаў і прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Такіх «ідэнтыфікаваных» людзей у Віцебскай вобласці даволі шмат, што сведчыць аб тым, што пратэставыя настроі ў грамадстве нікуды не зніклі і не знікнуць у бліжэйшы час.