На працягу трох дзён, з 22 па 24 чэрвеня, у гарадзкой бібліятэцы імя Горкага ў межах дзён гораду праходзіў трэці урбан-арт форум «Прастора». Імпрэза ладзілася ў фармаце хакатону – своеасаблівага інтэлектуальнага маратону распрацоўшчыкаў, які доўжыўся некалькіх дзён кругласутачна безь перапынку. Праграмісты, дызайнэры, мэнэджэры, урбаністы, эколягі атрымалі магчымасьць сустрэцца ў адным месцы і сумеснымі намаганьнямі распрацаваць і рэалізаваць праекты.

У межах “Сьвята ветру” 23 чэрвеня ў Віцебску прэзэнтавалі альтэрнатыўны сцэнар разьвіцьця беларускай энэргетыкі. Сцэнар энэргетычнай [р]эвалюцыі быў створаны па мэтадалёгіі Greenpeace, і ў ім няма месца атамнай энэргіі. Паводле аўтараў канцэпцыі, Беларусь мае магчымасьць у 2050 годзе атрымліваць 86% усёй энэргіі праз узнаўляльныя крыніцы – вецер, сонца і біямасу.

22 чэрвеня сябры грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» і мясцовыя жыхары на вясковых могілках ля вёскі Бараўляны Віцебскага раёну ўсталявалі мэталёвы крыж у памяць ваеннапалонных лягеру «Учдор – 756», пахаваных непадалёку. Крыж асьвяціў душпастыр віцебскіх грэка-каталікоў протапрэзьбітар Зьміцер Грышан.

Украінская экспэртка Тацяна Кавальчук зь няўрадавай арганізацыі «Маладая Чаркашчына» правяла ў Віцебску сустрэчу зь мясцовымі грамадзянскімі актывістамі на тэму «Адвакацыя грамадзкіх інтарэсаў: украінскі досьвед».

На сустрэчы з намесьнікам старшыні гарвыканкаму Сяргеем Саглаевым, што адбылася 20 чэрвеня, сябры «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Тацяна Севярынец, Ірына Захарава і Алена Шабуня агучылі набалелыя пытаньні гарадзкога жыцьця. Прэтэнзіі партыйных актывістаў выслухалі і прадстаўнікі розных службаў гораду.

Віцебская абласная бібліятэка атрымала ў дар 452 камплекты 5-томніку Сьвятланы Алексіевіч “Галасы утопіі” па-беларуску. На прэзэнтацыі 21 чэрвеня мелася быць сама нобэлеўская ляўрэатка, але прыехаць у Віцебск не змагла. Кнігу прэзэнтавалі выдавец Ігар Логвінаў, філёзаф Валянцін Акудовіч і, як найбуйнейшы “бэкер” праекту, старшыня ААТ “Белгазпрамбанк” Віктар Бабарыка.

Круглы стол, які адбыўся 16 чэрвеня, быў прысьвечаны абмеркаваньню распрацаванага спэцыялістамі правай кааліцыі праекту Закону «Аб унясеньні зьменаў у Выбарчы кодэкс».

У папраўчай калёніі № 3 у пасёлку Віцьба пад Віцебскам абвясьціў галадоўку грамадзянін Вялікай Брытаніі Алан Сьміт. Пра гэта паведаміла яго жонка Магдалена Валінска ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

У Віцебску гісторык Алесь Пашкевіч, выдавец Валер Булгакаў і паэт-перакладчык Уладзімер Папковіч правялі лекцыю «Савецкія партызаны ў Беларусі: міты і рэчаіснасьць». Асноўная частка сустрэчы, што прайшла 14 чэрвеня, была прысьвечаная прэзэнтацыі кнігі з падобнай назвай: «Савецкія партызаны ў 1941-1944 гг. Міты і рэчаіснасьць».

Найстарэйшы віцебскі апазыцыянэр і распаўсюднік незалежнай прэсы быў затрыманы 19 чэрвеня супрацоўнікамі Чыгуначнага РАУС гораду. На яго склалі пратакол і сказалі чакаць позвы — ці ў суд, ці зноў у міліцыю.