Чацвер, 21 Чэрвень 2018

У Віцебску прайшоў круглы стол «Вярнуць людзям права выбару»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Круглы стол, які адбыўся 16 чэрвеня, быў прысьвечаны абмеркаваньню распрацаванага спэцыялістамі правай кааліцыі праекту Закону «Аб унясеньні зьменаў у Выбарчы кодэкс».

Да ўдзелу ў абмеркаваньні запрашаўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў нацыянальнага Сходу Аляксандар Цацоха. Напярэдадні яму быў перададзены праект закону, аднак парлямэнтар праігнараваў запрашэньне, і грамадзкасьць не змагла пачуць ягонае меркаваньне.

Ад правай кааліцыі ў мерапрыемстве ўдзельнічалі старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, ягоныя намесьнікі Мікалай Казлоў, Васіль Палякоў і каардынатарка «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» па Віцебскай вобласьці Тацяна Севярынец.

Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў і арганізацыяў добра ўяўляюць умовы правядзеньня выбараў у Беларусі. Таму правацэнтрысцкая кааліцыя (АГП, БНФ, БХД, рух «За свабоду») вырашыла падрыхтаваць праект закону пра ўнясеньне зьменаў ў Выбарчы кодэкс. Цяпер іх праект, падрыхтаваны працоўнай групай з больш як 20-ці чалавек, знаходзіцца ў Палаце прадстаўнікоў.

Як адзначыў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, распачаўшы мерапрыемства, Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека АБСЭ пасьля ўсіх выбарчых кампаніяў у Беларусі падрыхтавала 68 паправак для зьменаў у беларускае заканадаўства. Аднак на паседжаньні працоўнай групы дамовіліся, што трэба засяродзіць сваю ўвагу на трох асноўных: фармаваньне выбарчых камісіяў, рэглямэнтацыя датэрміновага галасаваньня, падлік галасоў. Менавіта гэтыя тры пытаньні змогуць зьмяніць якасьць выбарчага працэсу.

Анатоль Лябедзька:

Калі б мы падалі ўладам усе 68 паправак, то яны, найхутчэй, выбралі б зь іх нейкія дзесяць адсоткаў. Маўляў, ад нас патрабавалі зьмены – мы зьмянілі. Некалі празрыстыя скрыні былі важным патрабаваньнем. Цяпер скрыні ёсьць, але ніякіх якасных зьменаў у выбарчы працэс яны не прынесьлі.

Што тычыцца фармаваньня выбарчых камісіяў, тут усё зразумела: удзельнік выбарчага працэсу мае права быць прадстаўлены ў камісіі. У АГП, як зарэгістраванай структуры, ёсьць права вылучэньня ў выбарчую камісію хаця б аднаго прадстаўніка. І нам ніхто ня можа адмовіць. З падлікам таксама ўсё зразумела: падымаецца кожны бюлетэнь, і ўсе яго бачаць.

Найбольш спрэчак выклікае датэрміновае галасаваньне, дзе адсотак фальсыфікацыяў можа сягаць усёй колькасьці выбарцаў, прагаласаваўшых да асноўнага дня галасаваньня.

Ёсьць людзі, якія настойваюць скасаваць датэрміновае галасаваньне цалкам. Чаму мы на гэта не пайшлі? Таму, што ў цывілізаваных краінах датэрміновае галасаваньне, дзе людзі могуць накіраваць свой бюлетэнь нават поштаю, успрымаецца як велічэзнае дасягненьне дэмакратыі. Заходнікі папросту не разумеюць нашага катэгарычнага падыходу. Таму мы прапануем, каб у акрузе толькі адзін участак адводзіўся пад датэрміновае галасаваньне.

Акрамя падрыхтаванага праекту закону, было напісанае абгрунтаваньне, а летась распрацоўшчыкі атрымалі пазытыўнае заключэньне міжнароднай інстытуцыі, якая прафэсійна займаецца кансультацыяй дзяржаўных урадаў. Праз Ганну Канапацкую прапановы трапілі ў дзяржаўныя структуры, але атрымалі там адмоўную рэцэнзію.

Анатоль Лябедзька:

Увесну гэтага году мы яшчэ раз накіравалі. Зноў ня так. Наша пазыцыя такая: мы разумеем, што ўлада ніколі ня пойдзе на гэтыя зьмены, бо яны руйнуюць усю сыстэму фальсыфікацыяў. Увесь гэты працэс ня столькі прававы, колькі палітычны. Таму мы настойваем, каб Ганна Канапацкая і Алена Анісім пачалі гаварыць пра гэта ў парлямэнце, бо гэты праект закранае інтарэсы сямі мільёнаў.

І вось мы падышлі да таго, дзеля чаго сёньня сабраліся: што мы з вамі можам рабіць у гэтай сытуацыі? Наша задача – стварыць вакол 108 дэпутатаў кампанію ціску і змусіць іх зафіксаваць нейкім чынам сваю пазыцыю па гэтым пытаньні. Мы прапануем, каб да ўсіх дэпутатаў, якія прызначаныя па Віцебскай вобласьці, трапіў наш праект па зьменах у выбарчае заканадаўства. Трэба ставіць перад імі задачу пра ўключэньне гэтага пытаньня ў парадак дня. Гэта – задача-мінімум.

Што яшчэ вельмі важна? Ідзе няпростая дыскусія зь міжнароднай супольнасьцю. Калі для нас пытаньне нумар адзін – гэта пытаньне зьменаў у выбарчае заканадаўства, то для эўрапейцаў – гэта пытаньне адмены сьмяротнага пакараньня. Таму ў гэтых умовах мы мусім пераконваць міжнароднікаў, што гэта найгалоўнейшае пытаньне ня толькі для правай кааліцыі, але і для ўсяго беларускага народу. Для гэтага і патрэбная кампанія ціску на дэпутатаў.

У часе абмеркаваньня агучанай старшынём АГП інфармацыі, прагучала, бадай, найгалоўнейшае пытаньне мерапрыемства: «А што рабіць пасьля таго, як дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ня прымуць прапанаваныя апазыцыяй папраўкі?»

Анатоль Лябедзька:

Мы мусім паказаць замежнікам, што мы зрабілі ўсё, што маглі ў гэтых умовах, але нават пасьля гэтай кампаніі ўрад не пагаджаецца на перамены. Цяпер рабіце вы сваю частку ціску. Ня будзем нічога рабіць – ня будзе ніякіх пераменаў.

С. Горкі

Залагініцца каб дадаць камэнтары