Прыём у гарвыканкаме доўжыўся паўтары гадзіны і, паводле сябраў БХД, насіў канструктыўны характар. Удалося ўзьняць цэлы шэраг пытаньняў. Гаварылі пра насьпелую замену ліфтаў, пра рост тарыфаў ЖКГ, пра вырашэньне праблемы сабачай пляцоўкі ў мікрараёне «Поўдзень-1», выказалі заклапочанасьць адсутнасьцю шыльдаў па-беларуску, зважылі на няякасную тратуарную плітку, якая патрабуе частай замены.
А сьпярша Сяргею Саглаеву была перададзеная прапанова нагадаць жыхарам і наведнікам Віцебску пра старажытныя назвы вуліц у гістарычным цэнтры гораду, паставіўшы шыльды ў пачатку і канцы кожнай зь іх. Актывісты зрабілі неабходную працу, склалі пералік гістарычных найменьняў, які і быў перададзены прадстаўніку ўлады. Паводле іх, макет шыльдаў пагадзіліся бясплатна зрабіць прафэсійныя віцебскія мастакі, каб патаньніць праект.
Кажа Тацяна Севярынец:
– На сустрэчы нашыя пытаньні тычыліся і мэдычных офісаў для дзяцей і жанчын у Білеве. Офісы да сёньняшняга дня яшчэ не адчыненыя, хаця і пабудаваныя. Ставілі пытаньне вялікіх грошай (65 тысячаў даляраў), выдзеленых на перапраектаваньне ўжо амаль гатовай паліклінікі на «Поўдні-7». Чыноўнікі, праўда, зрабілі выгляд, што яны ўпершыню чуюць пра гэтыя лічбы, хаця насамрэч гэта абсалютна афіцыйная інфармацыя. Сказалі, што будуць разьбірацца.
Уздымалі пытаньне гінэкалёгіі на вуліцы Хмяльніцкага, якая мусіла быць завершанай яшчэ ў 2013 годзе. Калі тое адбудзецца насамрэч – пакуль невядома. Ставілі пытаньне пра замену ліфтавага абсталяваньня. Нас абнадзеілі, што існуе вялікая праграма па вырашэньні гэтай праблемы ў горадзе. Таксама размаўлялі пра капрамонты канкрэтных дамоў, якія мы называлі.
Што тычыцца пытаньня «рускага сьвету». Я ставіла яго гэтак: «Чаму прадстаўнікам расейскіх ВНУ адкрытая шырокая дарога ў віцебскія школы?» Трэба адзначыць, што адміністрацыі школ чамусьці з распасьцёртымі абдымкамі іх сустракаюць, у той час як належнай працы з нацыянальнымі ВНУ не вядзецца. Дакладна ўжо ведаю, што 7 добрых выпускнікоў, выдатнікаў з гімназіі №5 паступаюць у расейскія ВНУ. У інтэрнэт-прасторы, асабліва не заглыбляючыся, налічыла 9 сайтаў, якія мэтанакіравана праводзяць працу па запрашэньні найлепшых беларускіх выпускнікоў на навучаньне ў Расею. І гэта акрамя прадстаўнікоў ВНУ, якія наведваюць нашыя школы. А гэта ўцечка мазгоў, што тут казаць.
Задала пытаньне: мы нават пасьмяяліся, што на аўтавакзале надпісы па-руску, па-ангельску і па-кітайску, а па-беларуску няма. Кажуць: трэба паглядзець.
Неабходна адзначыць, на падобных сустрэчах нас заўжды выслухоўваюць з павагай, робяць даручэньні адмысловым службам.
Падсумоўваючы сказанае, сябры БХД адзначылі, што такія сустрэчы маюць свой плён і зьяўляюцца неабходнай часткай супрацы паміж грамадзкасьцю і гарадзкой уладай па ўдасканаленьні гарадзкога жыцьця.
С. Горкі