Барыса Хамайду затрымалі ў цэнтры гораду, каля дома № 28 насупраць амфітэатру, дзе ён распаўсюджвае беларускія выданьні і сымболіку.
У пастарунку яму патлумачылі, што Віцебск рыхтуецца да «Славянскага базару». А таксама ідзе падрыхтоўка да Дня гораду, які прызначаны на бліжэйшыя выходныя. Таму праводзіцца «зачыстка» ад усяго непажаданага, што можа трапіць на вока гасьцям абласнога цэнтру.
Барыс Хамайда сказаў міліцыянтам, што выходзіць на сваё «працоўнае месца» незалежна ад афіцыйных сьвяткаваньняў. І што зноўку выйдзе туды і заўтра, і пасьлязаўтра — як выходзіць ад канца 1980-х.
Антураж свайго «працоўнага месца» ён таксама зьмяняць не зьбіраецца: як і заўжды над столікам з кнігамі і газэтамі будзе раскрыты вялікі бел-чырвона-белы парасон, будуць бел-чырвона-белыя стужкі і самаробная харугва-вышыванка.
Чытаць і падпісваць пратакол актывіст адмовіўся. Яму сказалі чакаць позвы — ці ў міліцыю па ўдакладненьні, ці адразу ў суд. Паводле Барыса Хамайды, сытуацыя нагадвае яму сёлетнія падзеі Дня Волі: 25 сакавіка ён быў затрыманы, але праз колькі гадзін яго адпусьцілі. Неўзабаве міліцыянты прывезьлі яму пратакол «на ўдакладненьне» проста дахаты, і праз два тыдні ён быў асуджаны да штрафу.
Да слова, штрафы спадар Хамайда добраахвотна плаціць адмаўляецца: грошы вылічваюць зь ягонай пэнсіі, якая складае каля 250 рублёў.
БС, svaboda.org