Поўны збор твораў Сьвятланы Алексіевіч “Галасы утопіі” у перакладзе на беларускую мову быў выдадзены дзякуючы “народнаму фінансаваньню”. І гэтым – унікальны.
Сабралі талакой 100 тысяч даляраў
Як расказала падчас імпрэзы куратарка краўдфандынг-праекту “Галасы Утопіі” ад Святланы Алексіевіч” на сайце Ulej.by Аляксандра Зьверава, кампанія па зборы грошаў на выданьне сталася найбуйнейшай у Беларусі за ўсю гісторыю беларускага краўдафандынгу і адной з самых маштабных у СНД.
Імпрэза ў абласной бібліятэцы таксама атрымалася "народнай"
Выніковая сума сабраных грошай перавысіла заяўлены на пачатку кампаніі бюджэт (40 тыс. рублёў) у шэсьць разоў і склала 232 тыс. рублёў, то бок больш за 100 тыс. даляраў.
Такую велізарную суму на выданьне кніг удалося сабраць дзякуючы таму, што да праекту далучыўся “Белгазпрамбанк”, які стаўся ў выніку найбуйнешым бэкерам і ахвярадаўцам кампаніі. Сабраных грошаў хапіла на тое, каб забясьпечыць пяцітомнікам кожную бібліятэку краіны.
Бабарыка: Сэнс быў у тым, каб зрабіць праект народным
“Калі мы даведаліся пра гэты праект, падумалі, а чаму б не прафінансаваць камплекты для ўсіх нашых бібліятэк. І апынулася, што бібліятэк у Беларусі штогод становіцца ўсё меней, і спатрэбіцца ўсяго 3 тысячы камплектаў, каб ахапіць усе бібліятэкі. Такім чынам мы і сталі часткай гэтай вялікай і выдатнай кампаніі”, – расказаў на прэзэнтацыі старшыня праўленьня “Белгазпрамбанку” Віктар Бабарыка.
Віктар Бабарыка падчас прэзэнтацыі
“Насамрэч пытаньне было ня ў тым, дзе адшукаць грошай, каб выдаць кнігі нобэлеўскага ляўрэата. Такая пастаноўка пытаньня – сьмешная. Сутнасьць ідэі была ў тым, каб зрабіць праект сапраўды народным.
Таму што тое, што рабіла і робіць Сьвятлана Алексіевіч у сваёй творчасьці, – гэта размаўляе з народам. Яна робіць гэта для народу і разам з народам. І вельмі важна цяпер данесьці яе словы як мага глыбей у народ, да людзей”, – дадаў Віктар Бабарыка.
Сымбалічны камплект выданьня і сэртыфікат на 452 камплекты пяцітомных “Галасоў утопіі” (больш за 2 тыс. асобнікаў) Віктар Бабарыка перадаў дырэктарцы Віцебскай абласной бібліятэкі Тацяне Адамян.
Кожная кніжка - з аўтографам нобэлеўскай ляўрэаткі
Гэтыя кнігі будуць разьмеркаваныя па ўсім бібліятэкам Віцебшчыны. “Народнае выданьне” пойдзе ў народ.
Ігар Логвінаў: Па-расейску гэтыя кнігі я ўжо чытаць не магу
“Галасы ўтопіі” складаюцца зь пяці кніжак нобэлеўскай ляўрэаткі: “У вайны не жаночы твар”, “Чарнобыльская малітва”, “Апошнія сьведкі”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Час сэканд-хэнд”.
Сучасныя пераклады твораў Алексіевіч на беларускую мову зрабілі Валянцін Акудовіч, Уладзімер Арлоў, Сяргей Дубавец, Андрэй Хадановіч і Барыс Пятровіч.
“Гэта першае поўнае выданьне ўсіх маіх кніг. Нягледзячы на тое, што паасобку яны сотнямі выходзілі ў розных краінах сьвету і на розных мовах, мне хочацца гучаць на сваёй мове. Выданьні па-беларуску былі, але не было добрых…” – тлумачыла раней удзельнікам краўдфандынг-праекту сама Алексіевіч.
Аўтар ідэі выданьня поўнага збору Алексіевіч па-беларуску выдавец Ігар Логвінаў расказаў у Віцебску, што прапаноўваў аўтарцы ажыцьцявіць падобны праект яшчэ ў 2015 годзе, пасьля ўручэньня Нобэля. Сутнасьць прапановы была ў тым, каб выдаць старыя пераклады Алексіевіч. Але пісьменьніца пажадала, “каб усё было зроблена нанава і самымі паважанымі асобамі ў беларускай літаратуры”.
Выступае Ігар Логвінаў - выдавец "Галасоў утопіі"
“Нам удалося дамовіцца з выдатнымі перакладчыкамі, яркімі стылістамі. Да таго ж, гэта былі пяць чалавек, якія маюць вялікі досьвед рэдактарскай працы. І калі такія прафэсіяналы бяруцца за справу – усё атрымліваецца бездакорна”, – сказаў на прэзэнтацыі Ігар Логвінаў.
Распавёў, што да гэтага чытаў усе творы Алексіевіч па-расейску, а цяпер давялося перачытваць па-беларуску. “І на расейскай мове гэтыя вэрсіі я ўжо чытаць не магу. Таму што такое душэўнае і роднае гучаньне, якое атрымалася ў гэтым пяцітомніку, мне не сустракалася ніколі…” – прызнаўся Логвінаў.
“Гэта ўсё ж такі вялікая ідэя – падарыць выдадзеныя кніжкі ўсім бібліятэкам”, – падсумаваў выдавец.
Акудовіч: Я перакладаў з валідолам пад языком…
Пра значнасьць праекту і пра тое, як працавалася над перакладам кнігі “У вайны не жаночы твар”, расказаў вядомы беларускі філёзаф і літаратар Валянцін Акудовіч.
Валянцін Акудовіч
“Бачыце, і выдаўцу, і спонсару, напэўна, вельмі няёмка казаць пра значнасьць і велічыню таго, што яны зрабілі. Абсалютна адказна сьцьвярджаю, што гэта грандыёзны і абсалютна ўнікальны праект, які, напэўна, ніколі больш не паўторыцца. Я проста ў захапленьні ад Ігара Логвінава і спадара Віктара Бабарыкі. Гэта неверагодна! Неверагодна!..” – ня стрымліваў эмоцый славуты філёзаф.
Але прызнаўся, што “ладную частку тэксту перакладаў з пігулкамі валідолу пад языком”.
“Там столькі болю, столькі няшчасьця, што сэрца ўвесь час спатыкалася. Мой унук, калі глядзіць страшныя мульцікі, закрывае вочы рукамі. Але перакладчык ня мае права закрываць вочы. Яму трэба глядзець наўпрост і як мага глыбей, бо страх, боль, крыўда – гэта як маральныя, так і эстэтычныя каштоўнасьці кніг Сьвятланы Алексіевіч…” – дзяліўся досьведам перакладу Акудовіч.
“Нобэль Алексіевіч – гэта эвалюцыя ад “нас няма” да “мы ёсьць”
“Ведаеце, Нобэль для беларускай літаратуры – гэта надзвычай істотна. Але гэта ня самае галоўнае. Самае галоўнае, што гэты праект пяцікніжжа будзе важны для культуры Беларусі ўвогуле. Так складвалася, што стагодзьдзямі ў гісторыі Эўропы мы былі як нас не было. І з гэтым “нас не было” нам так цяжка прызвычаіцца да таго, што мы ёсьць. Што мы ёсьць са сваімі вартасьцямі. І вось Нобэль Сьвятланы Алексіевіч вельмі важны для эвалюцыі нашай мэнтальнасьці. Для эвалюцыі ад “нас няма” да “мы ёсьць”, – казаў Валянцін Акудовіч.
Выступае аўтар "Мяне няма" філёзаф Валянцін Акудовіч
Заўважыў, што асноўнай праблемай для перакладчыкаў твораў Алексіевіч на беларускую мову было тое, што яе кніжкі напісаныя на руска-савецкім слэнгу, якога беларуская мова ня ведала. І трэба было ўвесь час балянсаваць, каб, з аднаго боку, захаваць “гэтую руска-савецкую трасянку”, а з другога – палепшыць яе хоць трохі, дзе гэта магчыма. “Але так, каб гэта не была чужая эпоха, каб гэта не была чужая кніга, каб гэта быў той савецкі час”.
“Але праект, па-мойму, фантастычны!” – сьцьвердзіў напрыканцы Вылянцін Акудовіч.
Куратарка краўдфандынг-кампаніі Аляксандра Зьверава
Момант перадачы сэртыфікату
Імпрэзу адкрыла загадчыца аддзелу краязнаўства абласной бібліятэкі Ларыса Рагачова
Удзел у прэзэнтацыі ўзяла і віцебская школьніца Маша Паўлавец
Зьміцер Міраш, фота аўтара