У сераду 3 чэрвеня ў сваім доме ў Полацку быў затрыманы мясцовы актывіст і блогер Алесь Круткін. Паводле паведамленьняў Алеся ў сацсетках, яго затрымлівалі 7 супрацоўнікаў МУС, у тым ліку амапаўцы. Пасьля затрыманьня ў доме правялі ператрус, канфіскавалі аргтэхніку.

Праваабаронца Павал Левінаў зьвярнуўся да сябраў Віцебскай абласной камісіі па выбарах прэзыдэнта з просьбай запрасіць на паседжаньне камісіі начальніка УУС аблвыканкаму Міхаіла Грыба, каб патлумачыў, на якіх падставах 31 траўня міліцыянты спрабавалі перашкодзіць выбарцам ставіць подпісы ў падтрымку прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнцтва.

У панядзелак 2 чэрвеня проста на працоўным месцы міліцыянты затрымалі жыхарку Наваполацку Алену Радзькову. Яе адвезьлі ў аддзяленьне і склалі пратакол за правапарушэньне паводле частцы 3-й артыкулу 23.34. Спадарыню Алену вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні. Яна – сябра ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачня. Суд прызначаны на 15 чэрвеня.

Толькі зараз стала вядома, што пад рэпрэсіі дзяржавы, накіраваныя супраць прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага, трапіла яшчэ адна віцяблянка – кіроўца таксі Аксана Міхасёнак. 18 траўня суд Чыгуначнага раёну Віцебску прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні – «кармленьні галубоў», і пакараў адміністрацыйным штрафам у памеры 20 базавых велічынь.

У Наваполацкім судзе 1 чэрвеня разьбіралі шэсьць адміністрацыйных справаў, пачатых супраць чатырох чалавек. Усе яны – удзельнікі сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які рабіў стрым з Наваполацку 29-га красавіка. Двое зь іх яшчэ й «кармілі галубоў» 3-га траўня – прыйшлі на цэнтральную плошчу горада, каб прагуляцца і паразмаўляць пра надзённае са сваімі знаёмымі, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

У Віцебску 1 чэрвеня адбыліся суды над чатырма прыхільнікамі блогера Ціханоўскага, затрыманымі напярэдадні. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні з выкарыстаньнем плякату «Свабоду Ціханоўскаму!» і выявы перакрэсьленага таракана. Актывістаў затрымалі зранку 31 траўня – перад пачаткам масавага пікету для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую.

У нядзелю 31 траўня ў цэнтры Віцебску прайшлі чарговыя пікеты для збору подпісаў прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнцтва. Да столікаў, дзе зьбіралі подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую, віцябляне ўтварылі чаргу на некалькі сотняў мэтраў.

У Віцебску працягваюцца суды над прыхільнікамі блогера Сяргея Ціханоўскага. 29 траўня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў на 30 базавых велічынь адміністратарку Тэлеграм-каналу «Краіна для жыцьця» Юлію Барсукову ўсяго за адно паведамленьне ў чаце. Актывіст Аляксандар Ільінец быў пакараны штрафам у памеры 25 базавых велічынь за ўдзел у сустрэчы зь Ціханоўскім 30 красавіка.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў лічыць, што падчас фармаваньня Віцебскай абласной выбарчай камісіі мела месца дыскрымінацыя: старшыня абласнога савету Уладзімер Цярэнцьеў кепска азваўся пра яго, выступаючы перад прысутнымі, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Віцябляніна Аляксея Саламаненку затрымалі 26 траўня на працы і пасьля складаньня пратаколу адразу зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ), дзе ён правёў суткі да суду. У сераду 27 траўня ягоную справу разглядаў суд Першамайскага раёну Віцебску. Прысуд аказаўся мякчэйшы, чым чакалі: 25 базавых велічынь – за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім.