Асабісты «рэкорд» суддзі Наталлі Карабліной: 65 сутак арышту за адзін працоўны дзень
Валанцеры прааналізавалі працу суда Першамайскага раёна Віцебска і высветлілі, што суддзя Наталля Карабліна толькі за адзін дзень 26 чэрвеня асудзіла 5 чалавек па палітычных адміністрацыйных справах. Усіх прызнала вінаватымі і пастанавіла накіраваць пад арышт на тэрміны ад 10 да 15 сутак. Агулам атрымалася 65 сутак зняволення, прычым паводле «гендэрнага падыходу» суддзя накіроўвала за краты мужчын на 15 сутак, а жанчын – на 10.
Барыс Хамайда на волі, але без пашпарта
Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер адбыў 15-суткавы арышт, прысуджаны яму паводле арт. 24.23 КаАП. Незаконным пікетаваннем Верхнядзвінскі райсуд у асобе суддзі Таццяны Куклінай прызнаў наяўнасць налепкі ў «Пагоняй» у пашпарце Барыса Хамайды. Налепку заўважыў памежнік, які правяраў дакументы на выхадзе з цягніка Полацк-Бігосава. Па яго ініцыятыве 75-гадовы актывіст, які збіраўся ў Бігосаве далучыцца да пешай пілігрымкі ў Росіцу, быў затрыманы і асуджаны.