Суд над навапалачанінам Яўгенам Харашкевічам – закрыты. Яго вінавацяць па трох артыкулах
У Віцебскім абласным судзе 5 ліпеня пачаўся крымінальны працэс у справе 26-гадовага жыхара Наваполацку Яўгена Харашкевіча, затрыманага ў студзені 2021 году. У дачыненні мужчыны выстаўленыя абвінавачанні паводле трох артыкулаў, у тым ліку паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Журналістаў і праваабаронцаў на паседжанне не пусцілі: суд закрыты.
Два з паловай гады «хіміі» за каментар на адрас чыноўніка, які прымушаў фальшаваць вынікі выбараў
У судзе Першамайскага раёну Віцебску 5 ліпеня скончыўся разгляд крымінальнай справы, распачатай супраць Сяргея Ільюшэнкі. 34-гадовы віцяблянін быў прызнаны вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Прысуд – два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі за каментар на адрас экс-кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргея Сташэўскага. Такое рашэнне прыняла суддзя Таццяна Родзіна.