Пятніца, 02 Ліпень 2021

Мужчыну судзяць за абразу сумна вядомага чыноўніка Сташэўскага. Прысуд – 5 ліпеня

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Сяргей Ільюшэнка каля суду Першамайскага раёну Віцебску Сяргей Ільюшэнка каля суду Першамайскага раёну Віцебску

У судзе Першамайскага раёну Віцебску 2 ліпеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Сяргея Ільюшэнкі, якога абвінавачваюць у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ). Абвінавачаны выступіў з апошнім словам. На папярэднім пасяджэнні, куды не пусцілі журналістаў, пракурорка Наталля Гаўрылюк запатрабавала для мужчыны два з паловай гады «хіміі». Адвакат прасіў абмежавацца штрафам.

Сяргей Ільюшэнка цалкам прызнаў сваю віну. Зараз ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. 

«Злога намеру не меў. Кагосьці канкрэтна пакрыўдзіць не хацеў. Калі б была магчымасць папрасіць прабачэння ў пацярпелага – папрасіў бы. Прашу суд не быць дужа суровым пры вынясенні мне выраку», – сказаў у апошнім слове Сяргей Ільюшэнка.

«Краіна мусіць ведаць сваіх герояў у твар»

Пасля судовага паседжання ён распавёў падрабязнасці справы.

«12 жніўня 2020 году раніцай пабачыў у сацсетцы «ВКонтакте» пост пра Сташэўскага. Што, маўляў, чыноўнік прымушае сваіх падначаленых змяняць вынікі выбараў, заклікае фальсіфікаваць іх. Вядома, усе пачалі абурацца. І я напісаў кшталту «як табе не сорамна ў вочы людзям глядзець», «краіна мусіць ведаць сваіх герояў у твар». Я і забыўся, што напісаў. А вясной 2021-га прыехалі да мяне і адвезлі ў СІЗА на Гагарына, «закрылі» на трое сутак. У красавіку выйшаў з СІЗА, быў пад следствам. І вось суд...» – расказаў Ільюшэнка.

Паводле ягоных слоў, пад допісам пра чыноўніка Сташэўскага гнеўныя каментары напісала тады некалькі дзясяткаў чалавек. Кажа, што, па словах следчых, усе людзі, якія пракаментавалі той пост, прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. За выключэннем аднаго, асобу якога не ўдалося ідэнтыфікаваць.

Кампенсацыі Сташэўскі не просіць

Дарэчы, фінансавай кампенсацыі за маральныя пакуты, як гэта часта бывае ў такіх выпадках, пацярпелы чыноўнік прасіць не стаў. Сяргей Сташэўскі, былы кіраўнік Кастрычніцкага раёну Віцебску, атрымаў «шырокую вядомасць» пасля публікацыі ў інтэрнэце аўдыязапісу, на якім ён прымушае настаўнікаў перапісваць выніковы пратакол, памяняўшы месцамі прозвішчы Лукашэнкі і Ціханоўскай. Неўзабаве пасля скандалу ён быў звольнены і пераведзены ў Менск на новую пасаду.

Дадамо, што па месцы жыхарства ў Сяргея прайшоў ператрус, былі канфіскаваныя тэлефон і сістэмны блок.

Прысуд па крымінальнай справе Сяргея Ільюшэнкі абвесцяць 5 ліпеня ў 10.00. Агучыць яго суддзя Таццяна Родзіна.

Уладзімір Бяляўскі