Аляксандр Дуброўскіх У пятніцу, 19 чэрвеня, суд Віцебскага раёну на падставе ч.1 арт 17 КаАП (дробнае хуліганства) пакараў віцебчука Аляксандра Дуброўскіх адміністрацыйным арыштам на 10 сутак. Мужчына прызнаны вінаватым у тым, што з хуліганскіх намераў сарваў дзяржаўны сцяг на пароме ў пасёлку Сураж Віцебскага раёну.

Віктар Бабарыка. Фота Tut.by Затрыманаму прэтэндэнту ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта і экс-старшыні праўлення Белгазпрамбанка Віктару Бабарыку, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ, 20 чэрвеня прад'явілі абвінавачванне. Пра гэта паведаміў interfax.by адзін з яго адвакатаў Дзмітрый Лаеўскі. У гэты ж дзень каманда Віктара Бабарыка падала ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю яго кандыдатам у прэзідэнты.

Праваабаронца “Вясны” Аляксей Лойка тэрмінова звярнуўся ў Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў наконт перавышэння супрацоўнікамі Ганцэвічскага РАУС сваіх службовых паўнамоцтваў. Учора, 20 чэрвеня, у 20.40 каля адзялення паштовай сувязі ў Ганцэвічах на вул. Кастрычніцкай, 6 была затрымана мясцовая жыхарка Алла Калесніковіч. Жанчына мае непаўнагадовае дзіця 2004 года нараджэння.

20 чэрвеня ў горадзе Ганцавічы, што ў Брэсцкай вобласці, каля цэнтральнай плошчы прайшоў невялікі ланцуг салідарнасці. Стрым з месца падзеяў вялі журналісты мясцовага незалежнага выдання “Ганцавіцкі час” Сяргей Багроў і Аляксандр Пазняк. Неўзабаве прыехалі міліцыянты і затрымалі каля дзесяці удзельнікаў, а затым і саміх журналістаў. Як распавёў "Вясне" галоўны рэдактар "Ганцавіцкага часу" Пётр Гузаеўскі, журналісты дагэтуль застаюцца ў мясцовым РАУС, хоць прайшло больш за тры гадзіны. Ён пабачыў у РАУСе Аляксандра Пазняка, якога ячшэ не дапыталі пасля трох гадзін з моманту затрымання.

20 чэрвеня людзі стыхійна выходзяць на вуліцы горада. Ёсць затрыманні.

Блогер youtube-канала “Народный репортер” Сяргей Пятрухін з Брэста ўтрымліваецца ў Кобрынскім ІЧУ. Пра гэта стала вядома толькі сёння, 20 чэрвеня. Пятрухіна затрымалі яшчэ 16 чэрвеня і адразу даставілі ва УУС паселішча Дружны, што ў Пухавіцкім раёне. Але калі яму хацелі туды перадаць перадачу, то супрацоўнікі УУС паселішча Дружнага паведамілі, што той пераведзены у ЦІП Мінска, на вул. Акрэсціна. Але там таксама ніякай інфармацыі не давалі, таму да 20 чэрвеня было невядома, дзе менавіта знаходзіцца Сяргей Пятрухін.

Праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова. Фота: spring96.org Праваабаронца “Вясны” са Светлагорска Алена Маслюкова паведаміла сёння у 18 гадзін, што яе забралі ў мясцовы РАУС. Абставіны высвятляюцца.

У панядзелак, 22 чэрвеня, чакаецца суд над сябрам ПЦ “Вясна” і журналістам bobr.by з Бабруйску Сяржуком Лацінскім. Сяржука Лацінскага затрымалі ў Бабруйску 19 чэрвеня падчас “ланцуга салідарнасці”.  Пра гэта ён паспеў паведаміць “Вясне” у 20.16. Пры сабе Сяржук меў пасведчанне журналіста bobr.by (бабруйскі інтэрнэт-партал). Разам затрымалі і яго жонку Алесю Лацінскую, таксама журналістку bobr.by. Прыкладна апоўначы яе вызвалілі.

Сяргей Ціханоўскі. Фота: Уладзь Грыдзін Блогер youtube-канала “Страна для жизни” Сяргей Ціханоўскі пакінуты ў карцары да 26 чэрвеня. Пра гэта праваабарончаму цэнтру “Вясна” паведаміла яго жонка, вылучэнка ў кандыдаты ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская, калі сёння (20 чэрвеня) спрабавала яму перадаць перадачу.

Як паведамляе TUT.BY, амбасады Вялікабрытаніі і ЗША пасля масавых затрыманняў удзельнікаў акцый у Беларусі 19 чэрвеня заклікалі ўлады краіны паважаць правы на свабоду слова і сходаў. "Сённяшнія масавыя затрыманні журналістаў і мірных дэманстрантаў па ўсёй Беларусі непрымальныя. Вялікабрытанія заклікае ўрад Беларусі паважаць права на свабоду слова і сходаў, а таксама вызваліць усіх адвольна затрыманых", — заявілі ў амбасадзе Вялікабрытаніі.