Таццяна і Аляксандр Канеўскія. Фота: svaboda.org Ранкам 22 верасня АМАП і невядомыя ў цывільным затрымалі сына палітзняволенай Тацяны Канеўскай Аляксандра, піша Свабода.

Яе арыштавалі перад выбарамі ў адміністрацыйнай справе, а потым абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Тацяна была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. Яна збірала подпісы ў падтрымку кандыдаткі, праводзіла агітацыйныя мерапрыемствы.

«Мы з сынам ехалі ўдваіх на працу. Каля прадпрыемства дарогу нам перагарадзіў чырвоны мікрааўтобус. Адтуль выскачылі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сашу. З імі быў супрацоўнік у цывільным. За што, не тлумачылі, толькі сказалі: «Падазраецца ў злачынстве», — расказаў Мікалай Канеўскі, бацька Аляксандра і муж Тацьцяны. Цяпер Аляксандар Канеўскі на ІЧУ.

У Таццяны Канеўскай чатыры сыны. Малодшаму — 13 гадоў.

У Магілёве супрацоўнікі міліцыі затрымалі дырэктара Музея горада Магілёва Аляксея Бацюкова. Яго адвезлі ў Ленінскі РАУС. Прычына затрымання пакуль невядомая.

Сёння ў Менску былі затрыманыя студэнты Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту. Перад гэтым студэнты і выкладчыкі зладзілі акцыю пратэсту. Затрымліваць студэнтаў прыехалі два аўтобусы; кагосьці схапілі, хтосьці паспеў уцячы. Сярод затрыманых - Валькова Вера,  Мусская Яніна, Пратасевіч Арцём.

Крыніца: Затрыманні ў Гомелі, Магілёве, Мінску