Актывіста Аляксея Прохарава выкралі амапаўцы – сёньня быў суд
Віцяблянін Аляксей Прохараў быў затрыманы ўвечары 22 чэрвеня супрацоўнікамі АМАП па дарозе з суду над Аленай Янушкоўскай, на якім прысутнічаў у якасьці слухача. Аляксея спынілі на пераходзе праз вуліцу людзі ў цывільным адзеньні, запхалі ў мікрааўтобус і адвезьлі ў АУС Віцебскага раёну. Адтуль – перавезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. 23 чэрвеня Прохарава праз скайп прысудзілі да штрафу ў памеры 40 базавых велічынь.
У Віцебску падчас «ланцугу салідарнасьці» былі затрыманыя 7 чалавек – фота
У Віцебску падчас «ланцугу салідарнасьці» з палітвязьнямі, які прайшоў 19 чэрвеня – у апошні дзень збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцтва, былі затрыманыя 7 чалавек. Сярод іх – віцебская актывістка і блогерка Алена Янушкоўская і яе дачка Юлія. Вядома, што Алену Янушкоўскую зьмясьцілі да суду ў ізалятар часовага ўтрыманьня, Юлію – адпусьцілі. Імёны астатніх затрыманых высьветліць пакуль не ўдалося.
Затрымалі актывіста «Краіны для жыцьця» Аляксандра Мацеюка
Увечары 6 чэрвеня ў Віцебску затрымалі Аляксандра Мацеюка – валянтэра ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую. З аддзяленьня міліцыі ён пасьпеў паведаміць праваабаронцам, што на яго складаюць пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП і вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні 31 траўня. Праз гадзіну тэлефон Мацеюка быў ужо недасяжны.
На Пастаўшчыне затрыманы Андрэй Новікаў – падпалкоўнік паліцыі РФ у адстаўцы
У вёсцы Прусы Пастаўскага раёну за ўдзел у пікеце для збору подпісаў быў затрыманы мясцовы актывіст Андрэй Новікаў. Яго затрымалівала цэлая група супрацоўнікаў проста ўдома. Новікава адвезьлі ў Паставы і пасьля складаньня пратаколу зьмясьцілі да суду ў ізалятар. Суд адбудзецца ў панядзелак.
У Полацку затрымалі Алеся Круткіна – з аблогай, АМАПам і ператрусам
У сераду 3 чэрвеня ў сваім доме ў Полацку быў затрыманы мясцовы актывіст і блогер Алесь Круткін. Паводле паведамленьняў Алеся ў сацсетках, яго затрымлівалі 7 супрацоўнікаў МУС, у тым ліку амапаўцы. Пасьля затрыманьня ў доме правялі ператрус, канфіскавалі аргтэхніку.