Аляксандар Мацяюк паведаміў па тэлефоне, што яго затрымалі на выхадзе з пад’езду – ён зьбіраўся паехаць на лецішча дапамагчы бацькам.
«Я толькі выйшаў з пад’езду – выкралі. Па факце – выкралі. Сяджу ў Чыгуначным РАУС, патрабую панятых, ніхто нічога не робіць, быццам гэта я сам сюды прыйшоў, а не яны запхалі мяне сюды…» – сказаў па тэлефоне актывіст.
Пазьней паведаміў, што на яго складаюць пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах) за ўдзел у пікетаваньні 31 траўня. У чым канкрэтна абвінавачваюць Мацеюка, пакуль невядома. Праз некаторы час датэлефанавацца да яго было ўжо немагчыма.
Найверагодней, мужчыну зьмясьцілі да суду ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ўжо знаходзяцца ўдзельнікі пікетаваньня 31 траўня Алена Янушкоўская, Алег Паўлаў і Аляксандар Якушкоў. Раней Аляксандар Мацяюк ужо адбываў 4-ра сутак арышту ў ІЧУ, прысуджаных яму за ўдзел у сустрэчы з блогерам Ціханоўскім.
Суды адбудуцца ў панядзелак 8 чэрвеня.
Нагадаем, цалкам законныя пікетаваньні для збору подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнцтва адбываюцца на пляцоўцы перад ГЦ «Марка-сіці» у Віцебску штодзень ад 25 траўня. У мінулую нядзелю да зборшчыкаў подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую людзі стаялі ў чарзе, якая выцягнулася на сотні мэтраў. У пікетаваньні браў удзел сузаснавальнік БХД Павал Севярынец.
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!