23 студзеня ў Наваполацку падчас трэніроўкі ў спартовым клубе «Форвард» быў затрыманы ўдзельнік стачкі ААТ «Нафтан» Сяргей Лапуноў, паведаміла старонка «Стачкам ААТ «Нафтан» у Фэйсбуку. Паляванне на страйкоўцаў працягнулася і 24 сакавіка.

Уначы з 9-га на 10-га лютага ў Віцебску адбыўся шэраг ператрусаў і затрыманняў. Паводле звестак праваабаронцаў, у горадзе і Віцебскім раёне прайшлі 9 начных вобшукаў, як мінімум чацвёра віцяблян затрыманыя і знаходзяцца зараз пад вартай. Меркавана, гэта была «зачыстка» перад так званым Усебеларускім народным сходам.

У Віцебску 16 студзеня адбыўся ператрус у студэнта ВДТУ Цімафея Журкевіча. Міліцыянты забралі жорсткі дыск камп'ютара і тэлефон. Самога Цімафея затрымалі, ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ). Паводле маці студэнта, ператрус праходзіў у межах крымінальнай справы: следчыя шукаюць доказы датычнасці да яе Цімафея Журкевіча.

15 студзеня ў Дуброўне міліцыя затрымала 38-гадовага прадпрымальніка і актывіста Міхаіла Чамураку. Мужчыну вінавацяць у тым, што ён у грамадскім месцы райцэнтра вывесіў бел-чырвона-белыя стужкі. У доме актывіста і ў яго сваякоў прайшлі ператрусы. Канфіскаваныя паветраныя балонікі, якія віселі на акне…

13 студзеня віцябляніну Уладзіміру Малахоўскаму, на якога была заведзеная крымінальная справа паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»), змянілі меру стрымання з падпіскі аб нявыездзе на заключэнне пад варту. Калі адбудзецца суд – пакуль невядома.