Аўторак, 23 Чэрвень 2020

Актывіста Аляксея Прохарава выкралі амапаўцы – сёньня быў суд

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Аляксей Прохараў Аляксей Прохараў

Віцяблянін Аляксей Прохараў быў затрыманы ўвечары 22 чэрвеня супрацоўнікамі АМАП па дарозе з суду над Аленай Янушкоўскай, на якім прысутнічаў у якасьці слухача. Аляксея спынілі на пераходзе праз вуліцу людзі ў цывільным адзеньні, запхалі ў мікрааўтобус і адвезьлі ў АУС Віцебскага раёну. Адтуль – перавезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. 23 чэрвеня Прохарава праз скайп прысудзілі да штрафу ў памеры 40 базавых велічынь.

Жыхар Віцебску Аляксей Прохараў 22 чэрвеня прысутнічаў на судах над актывістамі, якіх судзілі за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» і пікетах для збору подпісаў. Апошнім ён наведаў паседжаньне па справе Алены Янушкоўскай у судзе Віцебскага раёну. Аляксея затрымалі амаль адразу пасьля працэсу.

«Я не паехаў з астатнімі сустракаць зь ІЧУ Янушкоўскую, бо трэба было аддаць ключ ад офісу. Пераходзіў вуліцу Праўды. Раптам прыпыняецца чорны бус, выскокваюць двое ў цывільным, запытваюць, ці я Прохараў, і запіхваюць мяне ў мікрааўтобус. Троху ачомаўшыся, запытаў: гэта што, выкраданьне? Не адказалі. Але потым прызналіся, што яны з АМАПу», – расказаў Аляксей Прохараў.

Віцяблянін кажа, што яго адвезьлі ў аддзяленьне міліцыі Віцебскага раёну, дзе склалі пратакол за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня (ч.3 арт. 23.34). Потым – перамясьцілі ў ІЧУ (Віцебскі РАУС і ІЧУ знаходзяцца адзін ад аднога на адлегласьці 30 мэтраў).

Прохараў сьцьвярджае, што ў міліцыі яму ня далі нават скарыстацца тэлефонам, каб пазваніць праваабаронцам ці бацькам. Суткі да суду ён прабыў у ізалятары.

Адміністрацыйную справу Аляксея Прохарава 23 чэрвеня разглядаў праз скайп суд Віцебскага раёну. Суд прызнаў (прозьвішча судзьдзі ўдакладняецца) актывіста вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафаваў яго на 40 базавых велічынь (1080 рублёў).

Зараз Аляксей Прохараў знаходзіцца на волі.

Нагадаем, 25 траўня Аляксей Прохараў быў асуджаны судзьдзёй Аленай Цыганковай на 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле таго ж самага артыкулу (23.34 КаАП). 

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.