Панядзелак, 06 Ліпень 2020

У Віцебску затрымалі Уладзімера Кійко – суткі да суду ён правядзе ў ІЧУ

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Уладзімер Кійко Уладзімер Кійко

У Віцебску 6 ліпеня быў затрыманы каардынатар ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Уладзімер Кійко. Зь міліцыі яму паведамілі, што ў яго дачыненьні вядзецца адміністрацыйны працэс і запрасілі для дачы тлумачэньняў у Кастрычніцкі РАУС Віцебску. З аддзяленьня міліцыі актывіста ўжо ня выпусьцілі…

Уладзімер Кійко быў выкліканы ў Кастрычніцкі РАУС на 14 гадзін. Каля аддзяленьня міліцыі ягонага вяртаньня чакалі родны брат, журналісты і паплечнікі. Але не дачакаліся. Толькі праз тры гадзіны старшы лейтэнант міліцыі Віталь Праліч, які складаў пратакол на актывіста, паведаміў па тэлефоне маці Уладзімера Кійко, што яе сын затрыманы да суду.

Удакладніў, што судовы працэс адбудзецца 7 ліпеня, меркавана – у судзе Кастрычніцкага раёну. А якой дакладна гадзіне – не сказаў.

Паводле непацьверджанай інфармацыі, Уладзімера Кійко абвінавачваюць ва ўдзеле ў «ланцугу салідарнасьці» (ч.3 арт. 23.34 КаАП), які адбыўся ў Віцебску 19 чэрвеня.

Уладзімер Кійко сёлета двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Апошні раз судзьдзя Юры Ўрбан аштрафаваў актывіста на 50 базавых велічынь за ўдзел у сьнежаньскім пікеце ў падтрымку незалежнасьці Беларусі.

Нагадаем таксама, што ў траўні 2020 году Ўладзімеру Кійко адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў якасьці «кандыдату пратэсту».

Адмову тады атрымаў яшчэ адзін актывіст «Народнай Грамады» – Аляксандар Якушкоў. 1 ліпеня ён быў асуджаны на 12 сутак арышту, але сёньня быў нечакана вызвалены зь ізалятару часовага ўтрыманьня, не адбыўшы ўвесь тэрмін пакараньня.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.