Прычына – пазыкі па падатках і штрафах, прысуджаных віцебскай актывістцы. Агульная сума, якую Алена Янушкоўская не выплаціла дзяржаве, складае 1436 рублёў 60 капеек. Хату, якая знаходзіцца ў вёсцы Суйкава за 3 км ад Віцебска, збіраюцца прадаць за 10 700 рублёў.  На думку актывісткі, гэты кошт, прапанаваны БТІ, проста смешны: 20 гад таму жанчына набывала гэтую маёмасць з 9 тысяч даляраў. Аўкцыён па продажы маёмасці Янушкоўскай прызначаны на 30 траўня.

Аляксандр Корнышаў, рэдактар інтэрнэт-выдання «Витебский курьер news», атрымаў з аддзела міліцыі Першамайскага раёна дзве позвы ў суд – на 16 і на 20 траўня. Яго прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП – за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Паводле высноваў міліцыі, віна Аляксандра Корнышава палягае ў тым, што на сваёй старонцы у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» ён размяшчаў спасылкі на матэрыялы рэсурсу, якім ён кіруе. Тады як  сайт «Витебский курьер news» ўжо больш як два гады таму прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».

14 траўня ў горадзе Мурына Ленінградскай вобласці затрымалі доктара Уладзіміра Мартава, які з'ехаў з Беларусі. Ён знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку за «ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» за інтэрв'ю замежнаму  СМІ, абвешчанаму ў Беларусі «Экстрэмісцкім фармаваннем».

У абноўлены 10 траўня «Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» ўключылі ініцыятыву «Еўрапейскі выбар».  У спісе, якія складае Міністэрства ўнутраных спраў, прыгадваюцца таксама прозвішчы прадстаўнікоў ініцыятывы, сярод якіх – рэдактар інтэрнэт-выдання «Витебский курьер news» Аляксандр Корнышаў, які быў вымушаны ў 2020г. пакінуць Беларусь.
У замежжы Аляксандр Корнышаў разам з аднадумцамі заснаваў медыяпраект  «Навіны Варшавы», які займаецца відэаздымкамі і распавядае пра жыццё беларускай дыяспары ў польскай сталіцы.

Суддзя суда Дубровенскага раёна Ігар Татаеў 24 красавіка за распаўсюджванне ў сацыяльнай сетцы «экстрэмісцкіх» публікацый аштрафаваў на 400 рублёў мясцовую індывідуальную прадпрымальніцу Наталлю Васіленка.