21 жніўня ў судзе Віцебскага раёна паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП будуць судзіць 43-гадовага Андрэя Зязюліна. Ён ураджэнец райцэнтра Сянно, скончыў сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, па адукацыі - геадэзіст.
Разбіраць справу Андрэя Зязюліна прызначаны суддзя Міхаіл Зубеня, вядомы ў рэгіёне сваёй актыўнасцю па прызначэнні пакаранняў "за палітыку".
Ён жа 23 жніўня будзе судзіць па тым самым артыкуле Эльвіру Конышаву, нядаўнюю выпускніцу ВДУ імя П.Машэрава.
22 жніўня ў судзе Докшыцкага раёна будуць разбіраць справу 56-гадовага Генадзя Дзянскевіча , гаспадара аграсядзібы "Нарачанскі край". Аграсядзіба месціцца ў вёсцы Станіслаўцы Докшыцкага раёна. Генадзь Дзянскевіч вядзе на Youtube уласны відэаканал, дзе паказвае, як ён разважае пра жыццё на вёсцы і паказвае, як упрыгожвае і даглядае свой "маёнтак". Сацыяльныя сеткі мужчыны на дадзены момант не зтрымліваюць нічога «экстрэмісцкага. Судзіць Генадзя Дзянскевіча будзе суддзя Докшыцкага райсуду Дзяніс Корсак.
Таксама 22 жніўня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска паводле ч.2 арт.19.11 КаАП судзяць і віцяблянку Настассю Міхальчанка. Яе справу будзе разглядаць суддзя Вольга Клімкова.
Такія звесткі пазначаны ў раскладзе рэгіянальных судоў на раніцу 20 жніўня. Пералік «экстрэмістцкіх адміністратывак» да канца тыдня можа павялічыцца. Да ўсяго, інфармацыя пра суды па гэтым артыкуле КаАП часта замоўчваецца, а людзей, затрыманых за «экстрэмісцкія» падпіскі і рэпосты, судзяць явачным парадкам – пасля 72 гадзін ўтрымання ў ІЧУ.
Антон Радзевіч