Паводле ч. 1 арт. 361-4 КК Ігару Парункевічу прысудзілі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 3 гады; паводле ч. 1 арт. 368 КК -- пазбаўленне волі на 2 гады; паводле ч. 1 арт. 130 КК -- пазбаўленне волі на 3 гады; арт. 364 КК -- пазбаўленне волі на 4 гады.
На падставе ч. 2 арт. 72 КК па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакаранняў Парункевічу канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 6 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Абвінавачанне пастаўчаніна ў садзеянні экстрэмісцкай дзейнасці з'явілася не адразу – яно пачало фігураваць толькі ў пераліку асртыкулаў у раскладзе судовых пасяджэнняў . Першапачаткова супраць Ігара Парункевіча распачалі крымінальную справу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — аб распальванні варожасці, абразе Лукашэнкі і гвалце або пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да міліцыянта.
У Паставах Парункевіч меў уласны бар у цэнтры горада. Ужо апынуўшыся ў замежжы, ён распавядаў, што падтрымліваў Святлану Ціханоўскую, і што ў ягоным бары «выставілі каробку для ахвяраванняў для тых людзей, хто пацярпеў падчас акцый пратэсту». Міліцыянтам гэта не спадабалася, яны спачатку пагражалі, а потым і насамрэч завялі на прадпрымальніка крымінальную справу. Ён быў вымушаны пакінуць Беларусь, і цяпер жыве ў Літве. Таму суд над ім праходзіў завочна.
Пётр Ліпніцкі