Кіраўніца незалежнага прафсаюзу на «Нафтане» ужо 2 месяцы знаходзіцца за кратамі: яна адбывае ўжо 4-ты арышт на 15 сутак. Сябры збіраліся сустракаць яе на волі 28 красавіка, аднак стала вядома, што Вольгу Брыцікаву чакае пяты суд запар. Што стала падставай для новай справы, пакуль не вядома.

У судзе Віцебскага раёну 25 красавіка распачаўся разбор крымінальнай справы, ініцыяванай супраць чатырох жыхароў Віцебску – Ірыны Пярцовай, Арцёма Латышава, Кацярыны Макарэвіч і Юліі Лабуновай. Іх абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч.2 арт. 339 (злоснае хуліганства), ч.1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 341 (псаванне маёмасці ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства). Усе чацвёра віцяблянаў былі затрыманыя ў верасні 2021 года, 7 месяцаў у чаканні суду яны правялі ў Віцебскім СІЗА. У лістападзе 2021 году праваабарончая супольнасць прызнала іх палітвязнямі.

Ігар Банцар па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна заплаціць 81 рубель 66 капеек папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 Віцебска і 64 рублі дзяржпошліны. Ігар настойваў, што яму няма за што плаціць. У спецінтэрнаце ВУАТ ён не знаходзіўся - яго рэгулярна адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Але суддзя Вольга Шуманская прыняла рашэнне не на карысць былога палітвязня. 

У Віцебскім абласным судзе яшчэ ў лютым да 7,5 гадоў калоніі асудзілі 52-гадовага жыхара Полацку Анатоля Мацулевіча. За стварэнне і адміністраванне тэлеграм-канала «Полоцк Новополоцк Страна Для Жизни Чат Свободу Сергею Тихановскому» яго абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 293 (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках). Мужчына пад вартай утрымліваецца ўжо дзесяць месяцаў. Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Яўген Буруноў.

Па рашэнні суду Полацку і Полацкага раёну работнік прадпрыемства «Полацк-Шкловалакно» Юрый Шчарбакоў быў асуджаны да 15-ці сутак арышту за дзве публікацыі ў сацыяльных сетках. Абедзве публікацыі былі зроблены некалькі год таму, але толькі цяпер сталі падставай для адміністрацыйнай справы і судовага разбіральніцтва. Рашэнне пра арышт прыняў суддзя Андрэй Дзергачоў.