Суддзя суда Шаркаўшчынскага раёна Наталля Грыгор'ева 26 сакавіка адмовілася пазбавіць Андрэя Азаронка права ўласнасці на дом, размешчаны раённым цэнтры. Ініцыятарам на пераход прыватнай уласнасці ва ўладанне дзяржавы выступіў мясцовы раённы выканаўчы камітэт.

Суддзя суда Шумілінскага раёна Алена Сініцкая 5 красавіка за публічнае дэманстраванне ў сацыяльным медыя нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі аштрафавала на 400 рублёў механізатара сельгаспрадпрыемства "Сіроцінскі" Сяргея Раманава.

Да моманту вынясення выраку ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска, каталіцкая актывістка тры месяцы адбыла за кратамі. Паводле рашэння суддзі Юліі Крэпскай,  34-гадовую Аксану Ючкавіч вызвалілі з-пад варты ў залі суду, прызнаўшы вінаватай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). 

Яго імя і прозвішча з'явілася ў пераліку асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, - гэты спіс складае МУС.  Паводле яго, мужчына ўжо адбывае пакаранне, раней яго ўтрымлівалі ў віцебскім СІЗА-2. Сяргей Мельнікаў быў асуджаны судом Віцебскага раёна за абразу Аляксандра Лукашэнкі ( ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), вырак прагучаў 28 сакавіка. Мельнікаў яго не аспрэчваў.

25 красавіка   прозвішча Андрэя Марачова з'явілася ў раскладзе Дубровенскага раённага суда, яго вінавацяць паводле ч.2 арт.19.11 КаАП. Чым скончыўся разбор справы, пакуль не вядома, але найхутчэй – арыштам. 8 красавіка суддзя суда Дубровенскага раёна Ігар Татаеў ужо судзіў дубровенца  за распаўсюджванне публікацый «экстрэмісцкага» зместу ў «Одноклассниках» і пакараў арыштам на трое сутак.