Серада, 15 Май 2024

У Расіі затрымалі Уладзіміра Мартава – віцебскага лекара, які казаў праўду пра ковід

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

14 траўня ў горадзе Мурына Ленінградскай вобласці затрымалі доктара Уладзіміра Мартава, які з'ехаў з Беларусі. Ён знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку за «ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» за інтэрв'ю замежнаму  СМІ, абвешчанаму ў Беларусі «Экстрэмісцкім фармаваннем».

Пра затрыманне Уладзіміра Мартава  паведаміла выданне «Фантанка». Паводле інфармацыі інтэрнэт-рэсурса, ён дастаўлены ў 87-мы аддзел паліцыі Усеволажскага  раёна Ленінградскай вобласці. У Беларусі лекару завочна абраная мера стрымання ў выглядзе арышту.

Уладзімір Мартаў працаваў загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі, у красавіку  2021 года яму не працягнулі кантракт.
Лекара  пачалі пераследваць пасля таго, як ён загаварыў у недзяржаўных СМІ пра тое, што статыстыку смяротнасці ад каранавіруса прыхоўваюць, што ёсць  праблемы арганізацыі мэдыцынскай дапамогі хворым на каранавірус -- у прыватнасці, перабоі  з пастаўкамі кіслароду ў рэанімацыю бальніцы. Ён сцвярджаў, што праз гэта ў канцы 2020 году памерлі некалькі чалавек, якія знаходзіліся на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, тады як  улады запэўнівалі, што ад новай інфекцыі пакуль ніхто не памёр.

Па звальненні Мартаў не працаваў у мэдыцыне. У сацыяльных сетках ён займаў актыўную грамадзянскую пазыцыю, заяўляў аб непрыманьні гвалту і выказваў салідарнасць з палітвязнямі. Вёў уласны падкаст «На вайне з COVID-19» на відэаплатформе YouTube.

У лютым 2022 года Мартава арыштоўвалі на 7 дзён паводле арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Яго затрымалі на лецішчы пад Лепелем. Паводле жонкі лекара,  ён быў асуджаны  за бел-чырвона-белы сцяжок на аватарцы ў сацыяльнай сетцы . Пасля вызваленьня Уладзімір Мартаў  пакінуў краіну.

Павел Птах