Пастара евангельскай царквы Аляксандра Зарэцкага асудзілі за словы «Давайце маліцца за Украіну»
Сталі вядомыя падрабязнасці абвінавачванняў, высуных супраць пастара Аляксандра Зарэцкага з Навалукомля. 5 сакавіка суддзя Чашніцкага райсуда Ала Смірнова пакарала яго арыштам на 15 сутак за «несанкцыянаванае пікетаванне». Пікетам суд палічыў пропаведзь пастара падчас аднаго з богаслужэнняў, на якой, верагодна, прысутнічалі аператыўнікі. Фразы «помолимся за тех, кто в тюрьмах по сфальсифицированным причинам», «давайце маліцца за Украіну» і іншыя былі расцэнены як выразы, якія «адлюстроўваюць грамадска-палітычныя інтарэсы».
Улады аштрафавалі жонку палітвязня за атрыманне дабрачыннай дапамогі
Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 29 лютага за незаконнае выкарыстанне замежнай бязвыплатнай фінансавай дапамогі аштрафавала на 600 рублёў жонку палітвязня Аляксандра Капшуля, Аксану Капшуль. Акрамя таго, суддзя пастанавіла спагнаць з «правапарушальніцы» ў даход дзяржавы 1993,48 рублёў ЗБД. Дапамога была атрымана ў выглядзе тавараў праз інтэрнэт-краму.
Следчы камітэт пачаў "спецвытворчасць" супраць Людмілы Барэйкі, якая прыдумала лозунг «Стоп таракан»
Спадарыні Людміле 62 гады, яна паходзіць з Глыбокага, але ўжо некалькі год вымушана жыве за мяжой. Следчыя распачалі супраць яе «спецвытворчасць» - юрыдычную працэдуру, паводле якой чалавека, якога няма ў Беларусі, можна судзіць завочна. Жанчыну вінавацяць паводле арт.188 Крымінальнага Кодэкса (Паклёп). Санкцыі артыкула прадугледжваюць абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.
13 сакавіка Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да праваабаронцы і журналіста Ігара Казмерчака
Пра гэта паведаміў Тэлеграм-канал «Специальное производство. Официально». Ігара Казмерчака, які ў 2021 годзе быў вымушаны пакінуць Беларусь, вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэкса - паводле частак 1 і 2 арт. 361-4, а таксама паводле ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэкса. Спецвытворчасць прадугледжвае магчымасць судовага разбору ў адсутнасць падсуднага.
За «экстрэмізм» улады паўторна арыштавала наваполацкага інжынера
Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 7 сакавіка за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх» відэа публікацый у сацыяльнай сетцы арыштавала на 15 сутак інжынера-каструктара канструктарскага аддзела 72 ААТ "Вымяральнік" Аляксея Сабурава. Першыя "суткі" ён атрымаў 26 лютага ад той жа суддзі.