Праваабаронцам стала вядома аб зьбіцьці палітвязьня, заснавальніка праваабарончай арганізацыі «Платформ Інавэйшан» Міхаіла Жамчужнага ў горацкай папраўчай калёніі №9. 24 студзеня ахова пакінула мужчыну без нагляду ў калідоры санчасткі, дзе яго жорстка зьбіў іншы асуджаны.

У інтэрнэце зьявілася публікацыя «Шэрая кніга. Віцебская вясна – 2017. Вулічныя акцыі». На 78-мі старонках кнігі праваабаронцы рэгіёну нагадваюць чытачам пра тое, як праходзілі акцыі пратэсту ўвесну 2017 году, дзякуючы якім фактычна быў скасаваны «дармаедзкі» дэкрэт № 3, як улады спрабавалі перашкодзіць грамадзянам рэалізоўваць іх права на мірныя сходы, як яны чынілі рэпрэсіі супраць удзельнікаў гэтых сходаў і назіральнікаў за імі.

«Тэрміновая навіна... Сёньня мне патэлефанаваў Алан з ПК №3 (Віцебск). Алан знаходзіўся ў шпіталі з чацьвярга 4 дні, ён вярнуўся сёньня. Ён сказаў, што шмат вязьняў ужылі вельмі сур'ёзную атруту, бо вада ў калёніі забруджаная», – напісала 29 студзеня ў Фэйсбуку Магдалена Валінска, грамадзянская жонка грамадзяніна Вялікай Брытаніі Алана Сьміта, які ўтрымліваецца ў папраўчай калёніі № 3.

У Кастрычніцкім судзе Віцебску 26 студзеня агучылі прысуд віцебскаму актывісту Пятру Іванову. Суд прызнаў яго вінаватым у зьдзяйсьненьні гвалту ў дачыненьні да службовай асобы падчас выкананьня той службовых абавязкаў (ч.1 арт. 366 КК РБ) і пакараў штрафам памерам 85 базавых велічынь. Іваноў быў вызвалены з-пад варты ў залі суду.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў накіраваў тэрміновае паведамленьне спэцдакладчыку ААН па пытаньнях катаваньняў у сувязі з заявамі, якія зрабіў падчас судовых паседжаньняў актывіст Пётар Іваноў. У прыватнасьці, Іваноў паведаміў суду, што 7,8 і 12 сьнежня ў СІЗА яго жорстка зьбівалі ў мэтах атрыманьня прызнальных паказаньняў.