У полацкай кавярні «Разлог» 13 сакавіка прайшла сустрэча палачан зь беларускім палітыкам і мовазнаўцам, лідэрам партыі БНФ з 1999 па 2007 гады Вінцуком Вячоркам. Сустрэча адбылася ў межах падрыхтоўкі да сьвяткаваньня стагодзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году. Арганізавала сустрэчу грамадзянская ініцыятыва палачан, аматараў беларускай мовы «Жывая мова».

У Віцебскім мастацкім музэі 21 лютага адкрылася выстава “Гісторыя аднаго мястэчка. Галакост”, на якой прэзэнтуюцца мастацкія працы з пленэру ў Лужках. Пленэр адбыўся на Шаркоўшчыне летась. І гэта быў ужо 29-ы пленэр, які зладзіла старшыня культурна-асьветніцкага Цэнтру імя Язэпа Драздовіча Ада Райчонак. Яна прысутнічала на вэрнісажы.

У Віцебску 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, каля паўсотні чалавек напісалі Агульнанацыянальную дыктоўку. Імпрэза адбылася ў Віцебскай абласной бібліятэцы і ладзілася ў маштабах усёй краіны ў 11-ты раз. Для напісаньня быў прапанаваны тэкст Янкі Скрыгана “Вясковая раніца” – усе справіліся “на выдатна”.

У віцебскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы адбылася адкрытая дыскусія «Публічныя прасторы Віцебску» з сэрыі сустрэч, што супольна праводзяць YMCA Віцебск, Рэгіянальны рэсурсны цэнтар разьвіцьця дадатковай адукацыі дарослых у Віцебску і сацыяльна-культурная ўстанова «Віцебск для мяне».

“Беларускі свабодны тэатар” завітаў нарэшце ў Віцебск. У арт-цэнтры VZAP на Кастрычніцкай “свабодаўцы” паказалі спэктакль паводле п’есы нашай зямлячкі Вольгі Прусак “Дэжэўю”. На сувязь з заляй праз скайп зь Лёндану выходзіў рэжысэр пастаноўкі Уладзімер Шчэрбань. Візыт “Свабоднага тэатру” ў Віцебск стаўся падзеяй.