Нагадаем, што інвэстыцыйная праграма гораду Віцебску на 2018 год прадугледжвае выдзяленьне бюджэтных сродкаў “на капітальны рамонт вуліцы Леніна з разьмяшчэньнем помніка заснавальніцы гораду – роўнаапостальнай княгіні Вользе”. Мяркуецца, што толькі падрыхтоўка пляцоўкі пад помнік абыдзецца ў 1 млн. 150 тыс. рублёў. Пры гэтым раней, у адказе на электронны ліст віцебскай актывісткі Тацяны Севярынец, улады заяўлялі, што будаўніцтва помніка будзе ажыцьцяўляцца за кошт пазабюджэтных сродкаў.
"Помнікаманія" ў гарвыканкаме
“Такое ўражаньне, што ў гарвыканкаме пачалася нейкая «помнікаманія», бо апошнім часам практыка ўсталяваньня ў Віцебску супярэчлівых з гістарычнага пункту гледжаньня (патрыярх РПЦ Аляксей Другі, наўгародзкі князь Аляксандар Неўскі) альбо недарэчных (“Залатая рыбка”) помнікаў праяўляецца выразна. Гарадзкія ўлады адкрыта ігнаруюць меркаваньні месьцічаў і не прыслухоўваюцца да парадаў адмыслоўцаў. Горад пакрысе засьмечваецца дзіўнымі скульптурамі”, - гаворыцца ў пэтыцыі.
Якія яшчэ аргумэнты высоўваюць аўтары супраць будаўніцтва помніка Вользе ў Віцебску?
7 аргумэнтаў супраць усталяваньня помніка
1. Вольга не зьяўляецца заснавальніцай Віцебску
“Віцебскі летапіс запэўнівае, што старажытны Віцебск заснаваны ў 974-м годзе кіеўскай княгіняй Вольгай. Але паводле пісьмовых крыніц вядома, што Вольга памерла ў 968 годзе і праз шэсьць гадоў ніяк не магла гэтага зрабіць”, – гаворыцца ў звароце. Аўтары, спасылаючыся на вядомых дасьледчыкаў, яшчэ раз тлумачаць, чаму адбылася блытаніна і як была прыдуманая "легенда-947"...
2. Вольга спляжыць зялёную зону ў цэнтры гораду
“Пад ногі княгіні Вользе кінуць увесь ландшафтны дызайн, распрацаваны для гэтага кутка – кусты ружаў, радочкі туй, пасадкі дэкаратыўных кустоў, «альпійскія горкі» і г.д.” – пішуць аўтары пэтыцыі, узгадваючы зьнішчаныя дрэвы падчас рэканструкцыі плошчы Перамогі ў Віцебску.
3. Постаць Вольгі – вельмі супярэчлівая
Прыгадваюць факты зь летапісаў пра тое, як Вольга помсьціла драўлянам за сьмерць мужа (паводле “Повести временных лет” спаліла 5 тыс. драўлян на магіле мужа падчас трызны).
4. Вольга – чужая для беларусаў
“Помнік праваслаўнай сьвятой, кананізаванай у 1547 годзе ў Маскоўскім княстве, да якога нашыя продкі ня мелі ніякага дачыненьня, (…) будзе не аб’ядноўваць вакол сваёй постаці жыхароў горада, а толькі спараджаць новыя спрэчкі на рэлігійнай глебе”, – пішуць аўтары звароту.
5. Помнік трэба ставіць крывічам, а ня Вользе
Гэтак, напрыклад, гісторык Ігар Цішкін неаднойчы выказваў думку пра тое, што “Віцебск – горад, заснаваны крывічамі, дык калі ўжо і ставіць помнік, то трэба ставіць ім”.
6. Гістарычны цэнтар Віцебску – ахоўная зона
Таму зьмяненьне зьнешняга выгляду гістарычнага цэнтру павінна плянавацца з асаблівай асьцярожнасьцю, з абавязковым улікам меркаваньняў аўтарытэтных гісторыкаў і мясцовых жыхароў.
7. Занадта дорага
“Мы ўпэўненыя, што нават тыя віцябляне, хто ня супраць, каб у Віцебску зьявіўся чарговы гістарычны помнік, падтрымаюць нас у тым, што цяпер ня час нават думаць пра такія дарагія праекты”, - гаворыцца ў звароце.
Аўтары пэтыцыі патрабуюць ад уладаў разгледзець апублікаваны зварот з выездам на месца, як гэтага патрабуе пункт 2 артыкула 22 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-З «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.
Збор подпісаў пад пэтыцыяй працягнецца да 28 красавіка. Потым зварот будзе накіраваны старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктару Нікалайкіну.
Зьміцер Міраш