Як расказаў “Віцебскай вясьне” адзін са стваральнікаў праекту Сяржук Бахун, грошы зьбіраюцца на выкананьне макету і на друк. Віцебскую паштоўку сэрыі “Гарады Беларусі” мяркуюць выпусьціць накладам 1000 асобнікаў.
“Але чым больш мы зьбяром грошай, тым большы наклад паштовак зможам надрукаваць”, – гаворыць Сяржук Бахун.
Як будзе выглядаць паштовая картка “Віцебск. Прывітаньне зь Беларусі”, пакуль невядома. Але Сяржук Бахун паабяцаў, што як толькі будзе гатовы чарнавік малюнку, ён адразу зьявіцца на старонцы кампаніі.
З упэўненасьцю можна толькі сказаць, што паштоўка будзе створаная ў тым самым графічным стылі, што і яе папярэдніцы.
На зьнешнім баку паштоўкі будуць намаляваныя выявы пяці гістарычных будынкаў Віцебску – Ратушы, помніку князю Альгерду, касьцёла Сьвятой Барбары, Уваскрасенскай царквы (Рынкавай) і гарадзкой забудовы. На адваротным баку – графічная выява страчанай царквы Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла.
Гарадзкі цыкль паштовых картак стварае ўжо вядомая ў Беларусі мастачка і прадпрымальніца Тамара Бахун. Зь яе густоўнымі паштоўкамі на беларускай мове для віншаваньняў і посткросінгу віцябляне знаёмыя дзякуючы краме “Князь Вітаўт”.
У краме можна набыць карткі з прызнаньнем у каханьні і да дзяўчыны (хлопца), і да Радзімы – зь любой нагоды. Зь вельмі трапнымі віншаваньнямі і стылёвымі малюнкамі.
Цяпер чакайма ў “Вітаўце” і віцебскую паштоўку. І – падтрымайма праект фінансава.
Зьміцер Міраш