Маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва атрымала з упраўленьня Вярхоўнага Камісара паведамленьне пра тое, што яны чакаюць да 3 ліпеня бягучага году ад беларускага ўраду інфармацыі аб прынятых мерах па выкананьні рашэньня Камітэту па правох чалавека ААН па справе яе сына. Беларусь, паводле рашэньня камітэту, павінна прызнаць, што ў адносінах да Ўладзіслава Кавалёва былі парушаныя права на жыцьцё і абарону, прэзумпцыя невінаватасьці і справядлівага судовага разьбіральніцтва, а таксама права перагляду судовага рашэньня.

Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь адмаўляецца прызнаваць рашэньні Камітэту па правох чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. Пра гэта было паведамлена віцебскаму праваабаронцу Паўлу Левінаву, які зьвяртаўся ў МЗС з просьбай інфармаваць яго пра тэрміны, у якія будзе выкананае рашэньне камітэту наконт яго зваротаў, прынятае на 105-й сэсіі камітэту ў ліпені 2012 году.

Антаніна Піванос, аштрафаваная ў 2008 годзе за спробу ўручэньня падарунку вядомаму віцебскаму апазыцыянэру Барысу Хамайду, нарэшце дамаглася справядлівасьці: Камітэт ААН па правох чалавека прыняў рашэньне на яе карысьць. Цяпер, згодна з рашэньнем камітэту, беларускія ўлады абавязаныя вярнуць актывістцы канфіскаваную ў яе маёмасьць, пакрыць панесеныя ёй выдаткі і выплаціць кампэнсацыю.