Чацвер, 16 Красавік 2026

КПЧ ААН прызнаў парушэнні правоў 6-ці незалежных журналістаў з Віцебшчыны, пакараных за прафесійную дзейнасць у 2017–2023 гадах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На вясновай сесіі Камітэта ААН па правах чалавека было разгледжана 11 зваротаў, падрыхтаваных віцебскім праваабаронцам Паўлам Левінавым у інтарэсах журналістаў, якіх пакаралі штрафамі за "незаконны"  распаўсюд  інфармацыйнай прадукцыяй або за супрацу з замежнымі СМІ.

Па ўсіх гэтых скаргах былі прыняты станоўчыя рашэнні, падкрэслівае віцебскі праваабаронца. Гэта значыць, што КПЧ ААН прызнае факты парушэнняў правоў журналістаў з боку беларускай дзяржавы. Пра сістэмнасць ціску сведчыць ужо тое, што ад імя віцебскай журналісткі Алены Шабуні было пададзена 4 звароты з нагоды пакаранняў за журналісцкую дзейнасць і па два – ад віцебскіх журналсітаў Змітра Казакевіча і экс-палітвязня Вячаслава Лазарава, якога за супрацоўніцтва з тэлеканалам Белсат пазней пакаралі турэмным зняволеннем.

У сваім рашэнні КПЧ ААН  падкрэслівае, што свабода выказвання — гэта права кожнага грамадзяніна, і што яго ажыццяўленне не павінна разглядацца  як падстава для пакарання. Паводле Камітэта, Беларусь павінна вярнуць спагнаныя адміністрацыйныя штрафы і любыя судовыя выдаткі, а таксама перагледзець уласнае заканадаўства, каб яго патрабаванні адпавядалі міжнародным стандартам.

Рыгор Каўнерык