На працягу трох дзён, з 22 па 24 чэрвеня, у гарадзкой бібліятэцы імя Горкага ў межах дзён гораду праходзіў трэці урбан-арт форум «Прастора». Імпрэза ладзілася ў фармаце хакатону – своеасаблівага інтэлектуальнага маратону распрацоўшчыкаў, які доўжыўся некалькіх дзён кругласутачна безь перапынку. Праграмісты, дызайнэры, мэнэджэры, урбаністы, эколягі атрымалі магчымасьць сустрэцца ў адным месцы і сумеснымі намаганьнямі распрацаваць і рэалізаваць праекты.

У межах “Сьвята ветру” 23 чэрвеня ў Віцебску прэзэнтавалі альтэрнатыўны сцэнар разьвіцьця беларускай энэргетыкі. Сцэнар энэргетычнай [р]эвалюцыі быў створаны па мэтадалёгіі Greenpeace, і ў ім няма месца атамнай энэргіі. Паводле аўтараў канцэпцыі, Беларусь мае магчымасьць у 2050 годзе атрымліваць 86% усёй энэргіі праз узнаўляльныя крыніцы – вецер, сонца і біямасу.

Грамадзкія абмеркаваньні справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС праходзілі ў трох раёнах вобласьці – Віцебскім, Шумілінскім і Бешанковіцкім. У Віцебскім раёне абмеркаваньне доўжыліся ад 5 траўня да 3 чэрвеня. Арганізатары не атрымалі за месяц аніводнага водгуку ад насельніцтва.

Ад 20 чэрвеня пачнецца грамадзкае абмеркаваньне архітэктурна-пляніровачнай канцэпцыі будаўніцтва жылога дому насупраць заводу “Сьцяг Індустрыялізацыі” на вуліцы Гагарына ў Віцебску. Згодна з перадпраектнай дакумэнтацыяй, будуць зруйнаваныя два трохпавярховікі і сьсечаная “вялікая колькасьць дрэваў”. Пад знос пойдуць дамы №8 і №10.

У пытаньні перадачы водных рэсурсаў краіны ў арэнду існуе адна важная праблема:  узаемаадносіны арандатараў і рыбаловаў-аматараў. Карэспандэнт ВВ сустрэўся з рыбакамі ў ваколіцах арэндаванага возера Лосьвіда і папрасіў іх выказаць свае меркаваньні наконт гэтай праблемы.