“ЖАДАны летнік” па аднаўленьні плацін будзе праходзіць на балоце ад 17-га да 26-га жніўня. На яго правядзеньне патрабуецца крыху больш за 900 рублёў. Ладзіць прыродаахоўны летнік грамадзкае аб’яднаньне “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ).
Але дапамагчы балоту можна ня толькі фінансава, але і фізычна – стаць валянтэрам і ўдзельнікам летніку. Каб зрабіць гэта, трэба запоўніць рэгістрацыйную анкету. Калі не атрымліваецца на ўвесь тэрмін, можна папрацаваць на Жадзе некалькі дзён. Арганізатары паведамляюць, што самы праблематычны пэрыяд – сярэдзіна тыдня. “Любая дапамога істотная і важная”, – пішуць.
Валантэрскі летнік на Ельні. Фота: ptushki.org
Трэба будзе пілаваць дрэвы і капаць торф. З сабой на балота трэба ўзяць спальнік (валянтэры будуць жыць у намётах), балотныя боты ды сродак ад камароў.
Рэспубліканскі водна-балотны заказьнік “Жада” разьмяшчаецца ў Шаркоўшчынскім і Мёрскім раёнах і займае плошчу каля 7 тыс. га. Гэта частка вялікай балотнай сыстэмы, у якую ўваходзіць і знакамітае балота Ельня.
“У свой час гэтую Жаду актыўна асушалі, палова балота была перакапаная каналамі. У 2011 годзе АПБ узялася за аднаўленьне балота. Для гэтага на каналах паставілі каля 100 плацін. Але з гадамі яны прыходзяць у кепскі стан і ўжо не ўтрымліваюць ваду як сьлед. Іх трэба рамантаваць”, – тлумачаць эколягі.
Плаціна, якая патрабуе рамонту. Фота: М. Чэркас
Як паведамляюць актывісты АПБ, Жада – вельмі прыгожае верхавое балота, якое стала домам для кані, чорнага бусла, балотнай савы, жураўля, вераб’інага сыча ды іншых птушак, а таксама для 348 відаў вышэйшых судзінавых расьлінаў (1/5 агульнай колькасьці ў Беларусі).
Зьміцер Міраш