Панядзелак, 02 Ліпень 2018

У віцебскім мікрараёне “Білева-3” высеклі пад АЗС паўсотню дрэваў – жыхары абураныя

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Сьпілаваныя дрэвы ў Білеве Сьпілаваныя дрэвы ў Білеве

У мікрараёне Білева ў Віцебску зьнішчылі паўсотню дрэваў. Пад пілу патрапілі дубы, асіны, вольхі ды іншыя. Дрэвы сьпілавалі на пляцоўцы, выдзеленай пад будаўніцтва чарговай АЗС і аўтамыйні насупраць нядаўна пабудаваных дамоў №№ 17 і 21 па вуліцы 33-й Арміі. Навасёлы незадаволеныя.

Пра высечку дрэваў у “Білеве-3” паведаміў у сацсетках адзін з жыхароў мікрараёну.

Побач – пустое поле

“У нашай сацыяльна-арыентаванай дзяржаве, як заўжды, не пацікавіўшыся нічыім меркаваньнем, пачалі чарговую высечку дрэваў. У раёне “Білева-3” сабраліся будаваць чарговую АЗС і аўтамыйню. Адбываецца гэта насупраць шматкватэрнага жылога дому. А літаральна празь 50 мэтраў знаходзіцца нікому не патрэбнае поле. Але навошта ж будаваць на пустцы, калі можна высечы паўсотню дрэваў?..” – напісаў віцяблянін Дзяніс.

Месца высечкі

Удакладняе, што дрэвы пілавалі ўвечары ў пятніцу, перад вялікімі выходнымі, “калі ўсе нашыя начальнікі, што “думаюць аб людзях”, ужо звалілі з працы”. “А гарачыя ліні толькі адфутбольваюць, маўляў, прыходзьце ў сераду і запісвайцеся на прыём. Але да серады ад гэтага лесу ўжо нічога не застанецца…” – дадае карыстальнік.

Мяркуючы па ўсім, высечаны ўчастак ад пятніцы не павялічыўся. Сьпілаваныя дрэвы складзеныя на ўскрайку дзялянкі. Частка зь іх – расьпілаваная.

Трапілі пад сякеру і маладыя дубкі

На жаль, высьветліць, ці гэтая высечка санкцыянаваная, у панядзелак 2 ліпеня нам не ўдалося.

Што пішуць у камэнтарах

“Людзям спачатку прапануюць варыянты на выбар жыльля… І менавіта блізкасьць лесу шмат для каго вызначальная. А цяпер гэтых людзей папросту “кідаюць”, прадаўшы ім “мэтры ля лесу”, а потым, замест лесу, паставіўшы ім пад вокнамі неэкалягічныя АЗС і аўтамыйні…” – піша ў камэнтары да паведамленьня карыстальнік Яўген.

 “Там больш аптымальна глядзеўся б парк для адпачынку людзей, цягнуўся б аж да заапарку. Але нашыя чынушы, як звычайна, награваюць сабе кішэні. Вунь, вуліца Іваноўскага стаіць бяз лесу – хоць забудуйся, дык дзе ж там. Абавязкова трэба насупраць жылога дому пабудаваць, каб горш людзям было, дабіваць іх спакваля, каб да пэнсіі не дажывалі”, – мяркуе карыстальнік пад нікам “Іван Пятроў”.

“За такую нелягічную высечку лесу трэба вінаватых прыцягваць да адказнасьці і караць. Каб іх штрафанулі па поўнай! Побач пустка стаіць, а яны лес сякуць! Штосьці тут нячыста…” – піша яшчэ адзін віцяблянін Яўген.

Віцебскі мікрараён "Білева-3". Дрэвы высеклі насупраць гэтых дамоў

Але ёсьць сярод камэнтатараў і тыя, хто мяркуе, што падобная высечка – натуральная справа для горада, які разбудоўваецца. І што лес пад Білевам усё адно “асуджаны на пілу і сякеру”.

Зьміцер Міраш, фота аўтара  

1 камэнтар

  • Спасылка на Камэнтар Иван Панядзелак, 02 Ліпень 2018 Дадаў Иван

    Я живу в 21 доме и Я КАТЕГОРИЧЕСКИ ПРОТИВ.Все, что могло привлечь новоселов в данный микрорайон, будет уничтожено на корню! Зеленой зоны и так не хватает данному городу, так еще и на окраине не будет зелени, а только пустыри и близ мусорная свалка ?

    Паскардзіцца